Зяленскі: Я не здыму сяброўства Украіны ў NATO са стала перамоваў
8- 15.02.2025, 14:37
- 3,478

Амерыка не прапанавала гарантый, калі еўрапейскія гарантыі не будуць моцнымі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы 2025 заявіў, што не здыме сяброўства Украіны ў NATO са стала перамоваў. Пры гэтым ён назваў Пуціна «самым уплывовым» чальцом NATO.
Пра гэта піша РБК-Украіна са спасылкай на трансляцыю ягонага выступу.
«Я не веру ў гарантыі бяспекі без Амерыкі. Гэта проста будзе слаба. Але Амерыка не прапануе гарантый, калі еўрапейскія ўласныя гарантыі не будуць моцнымі. І я таксама не здыму сяброўства Украіны ў NATO са стала (перамоваў, – рэд)», – сказаў ён.
Але, паводле ягоных словаў, цяпер самым уплывовым чальцом NATO, здаецца, з'яўляецца кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін, таму што «ягоныя капрызы маюць сілу блакаваць пастановы NATO».
«І гэта нягледзячы на тое, што гэта ўкраінскае войска спыніла Расею, не краіна NATO, не войскі NATO, а толькі нашы людзі і наша войска. Няма замежных войскаў, якія змагаюцца на баку Украіны ў гэтай вайне. Але Пуцін страціў у гэтай вайне амаль 250 тысячаў салдатаў, больш за 610 тысячаў чалавек былі параненыя», – адзначыў ён.