Затрыманы ўладальнік гарадзенскай этнакрамы «Цудоўня»
4- 17.02.2025, 9:39
- 6,042

Паводле пратэстнага артыкуле.
Уладальніка "Цудоўні" Андрэя Несцяровіча затрымалі за нібыта арганізацыю дзеянняў, якія парушылі грамадскі парадак. Гэты артыкул выкарыстоўваецца ў Беларусі ў палітычна матываваных справах, адзначае Hrodna.life.
Паводле інфармацыі выдання ад крыніц, не звязаных з сям'ёй Несцяровіча, яго затрымалі 7 лютага. Супраць прадпрымальніка завялі крымінальную справу паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Найбліжэйшым часам яго павінны перавесці ў гарадзенскі СІЗА №1.
У 2023 годзе Несцяровіча судзілі паводле арт. 19.11 КоАП за нібыта распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Ён атрымаў 10 дзён арышту. Пасля на яго завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 295 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Тады яму вынеслі прысуд, не звязаны з пазбаўленнем волі.
Андрэй Несцяровіч заснаваў этнакраму "Цудоўня" ў 2015 годзе. Пасля выбараў 2020 года крама сутыкнулася са штрафамі і пазбаўленнем памяшкання. Андрэй заставаўся ў Беларусі і падтрымліваў свой бізнэс, бо ўважаў яго за важны для захавання і развіцця беларускай культуры. У яго двое малалетніх дзяцей, аднаму з якіх няма яшчэ года.