У Беларусь прыляцеў лібійскі фельдмаршал Хафтар
13- 18.02.2025, 9:35
- 8,380

Яго сустрэў кіраўнік КДБ Церцель.
З візітам у Менск 17 лютага прыбыў Вярхоўны гетман Лібійскай нацыянальнай арміі Халіфа Белкасім Хафтар, паведаміла БелТА. Яго ў аэрапорце сустрэў старшыня КДБ Іван Церцель.
З паведамлення прэс-службы Лібійскай нацыянальнай арміі стала вядома таксама, што Халіфу Хафтара суправаджаюць ягоны сын генерал-лейтэнант Садам Хафтар, начальнік штаба наземных войскаў, кіраўнік канцылярыі Халіфы Хафтара генерал-лейтэнант Аюб Бусейф і генерал-маёр Басім аль-Буайшы.
У Лібіі зараз ідзе грамадзянская вайна, і цэнтральны ўрад у Трыпалі не кантралюе большую частку тэрыторыі краіны. На непадкантрольнай тэрыторыі якраз пануе Лібійская нацыянальная армія на чале з Халіфай Хафтарам, таму ён з'яўляецца не проста вайсковым началтнікам, а фактычна кіраўніком гэтай тэрыторыі.
Хафтар мае шчыльныя сувязі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, і менавіта ў Лібію, на кантраляваную ім тэрыторыю зараз пераводзяцца войскі з вайсковых баз у Сірыі, якім стала там не вельмі ўтульна пасля зрынання летась рэжыму Башара Асада.