Трамп стэлефанаваўся з Пуціным
70- 9.02.2025, 8:38
- 44,184

Каб дамовіцца пра спыненне вайны ва Украіне.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што правёў тэлефонную размову з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным. Амерыканскі лідар хацеў паспрабаваць дамовіцца з кіраўніком Крамля пра спыненне вайны РФ з Украінай.
Пра гэта паведамляе The New York Post..
Прэзідэнт ЗША на борце Air Force One расказаў амерыканскаму выданню ў пятніцу ў інтэрв'ю, што Пуцін «хоча, каб людзі перасталі гінуць» падчас вайны.
На пытанне прадстаўнікоў СМІ, колькі яны размаўлялі, Трамп адзначыў, што «лепш бы я не гаварыў».
Амерыканскі прэзідэнт мяркуе, што Пуціну нібыта «неабыякавыя» забойствы на фронце.
«Ён хоча, каб людзі перасталі паміраць. Усе гэтыя мёртвыя людзі. Маладыя, маладыя, прыгожыя людзі. Яны як вашыя дзеці, іх два мільёны – і без прычыны», – цытуе Трамп The New York Post.
Таксама ён паўтарыў сцвярджэнне, што шырокамаштабнай вайны РФ супраць Украіны «ніколі не адбылося б», калі б ён быў прэзідэнтам у 2022 годзе.
Паводле словаў Трампа, у адрозненне ад свайго папярэдніка, у яго «заўсёды былі добрыя стасункі з Пуціным».
Таксама прэзідэнт ЗША заявіў, што ў яго ёсць канкрэтны план спынення расейска-ўкраінскай вайны.
«Я спадзяюся, што гэта хутка. Кожны дзень гінуць людзі. Гэтая вайна такая дрэнная ва Украіне. Я хачу скончыць з гэтай праклятай справай», – сказаў Трамп.
Звяртаючыся да дарадцы ў нацыянальнай бяспецы Майка Уолца, які далучыўся да яго ў ягоным кабінеце на борце Air Force One, Трамп сказаў: «Давайце пачнем гэтыя сустрэчы».
«Яны хочуць сустрэцца. Кожны дзень гінуць людзі. Гінуць маладыя прыгожыя салдаты. З абодвух бакоў. Па ўсім полі бою», – цытуе прэзідэнта ЗША амерыканскае выданне.
Чакаецца, што на наступным тыдні віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Ванс сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы.
Трамп заявіў, што хоча заключыць з Зяленскім пагадненне на 500 мільёнаў даляраў для доступу да рэдказямельных мінералаў і газу ва Украіне ў абмен на гарантыі бяспекі ў любым патэнцыйным мірным урэгуляванні.