Скандал пад Шкловам: Скарбніца зладзіла афёру з грашыма беларусаў
8- 9.02.2025, 20:26
- 12,616

Схема давяла яе да суда.
Суд Шклоўскага раёна 6 лютага разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да жанчыны, якая абвінавачваецца ў прысваенні грашовых сродкаў, даручаных ёй як скарбніцы садоўніцкага таварыства, паведамляе прэс-служба суда.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаная, будучы абранай скарбніцай таварыства і з'яўляючыся матэрыяльна-адказнай асобай, з кастрычніка 2016 года да сакавіка 2023 года прымала ад чальцоў таварыства грашовыя сродкі ў якасці ўнёскаў і аплаты электраэнэргіі. Атрымліваючы грошы, яна ўносіла адпаведныя адзнакі ва ўліковыя дакументы. Аднак сродкі, якія паступілі, выкарыстоўваліся не на прызначэнне – жанчына прысвойвала іх, прычыніўшы таварыству шкоду памерам больш як 10 тысячаў рублёў.
Яе судзілі паводле ч. 3 арт. 211 (Прысваенне або растрата ў буйным памеры) КК Беларусі.
У судовым паседжанні абвінавачаная прызнала сваю віну, раскаялася і добраахвотна цалкам кампенсавала нанесеную шкоду, што суд узяў да ўвагі ў якасці змякчальных абставінаў.
Прысудам суда абвінавачаная прызнаная вінаватай у прысваенні маёмасці ў буйным памеры. Ёй прызначанае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, без штрафу, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з улікам, захоўваннем і распараджэннем матэрыяльнымі каштоўнасцямі, тэрмінам на пяць гадоў.
Прысуд не пачаў законнага дзеяння і можа быць абскарджаны ў вызначаным заканадаўствам парадку.