«Калі ўбачыла сённяшнія кошты на Камароўцы, была шакаваная»
27- 9.02.2025, 14:02
- 17,812

Беларуска параўнала некаторыя кошты на рынку ў Менску і ў краме ў Нарвегіі.
Мянчанка Марына жыве ў Нарвегіі сем гадоў, але вельмі цікавіцца ўсім, што адбываецца на радзіме, тым больш у Беларусі ў яе засталіся бацькі.
Жанчына прачытала навіну, за колькі 8 лютага на Камароўскім рынку прадавалася прадукцыя, і дзеля цікавасці перавяла кошт у нарвежскія кроны. Зямлячка паведаміла «Люстэрку», што асобныя кошты яе вельмі здзівілі. Таксама яна паказала, колькі каштуюць некаторыя прадукты ў нарвежскай краме.
– Нарвегія – вельмі дарагая краіна, а ў апошнія гады кошты ўвогуле ўзляцелі, мой муж-нарвежац увесь час бурчыць з гэтай нагоды. Я вельмі добра памятаю гэта на прыкладзе шакаладу Freia, які часта ў нас прадаецца на акцыі: два гады таму за 100 кронаў (гэта 30,12 рубля паводле курсу Нацбанка РБ на 8 лютага. – Заўв. рэд.) я набывала пяць 200-грамовых плітак малочнага шакаладу, а цяпер за той самы кошт прадаюць ужо тры пліткі. Але калі я ўбачыла сённяшнія кошты на Камароўцы, то была шакаваная: як вы там на вашыя заробкі выжываеце? – расказала Марына.
Жанчына даслала некалькі фатаграфій з коштамі з крамы ў Бергене, якія яна рабіла якраз 8 лютага для сваёй маці. Мы параўналі кошты з тымі, з якімі садавіна, гародніна і ягады прадаваліся на Камароўцы. Высветлілася, што ў Нарвегіі нешта каштуе танней, а некаторыя тавары хоць і даражэйшыя, але не вельмі нашмат.
Трускаўкі ў нарвежскай краме былі расфасаваныя на 400 грамаў у пластыкавыя скрыначкі. Адзін пакунак каштаваў 39 кронаў (11 рублёў), а кілаграм – 97,5 кроны (29,37 рубля). На Камароўскім рынку кілаграм гэтых ягадаў прадаваўся за 65 рублёў.
– Гэтыя трускаўкі завезлі ў Нарвегію з Гішпаніі, яны добрыя – крэпенькія і салодкія. Праўда, я была ў краме ўжо перад закрыццём, і ягады былі крыху зелянявыя – людзі выбралі ўсе самыя саспелыя, – патлумачыла жанчына.

У рэпартажы з Камароўкі паведамлялася, што буякі там прадаваліся за 60 рублёў за кілаграм, але на фота трапілі ягады 12 рублёў за 100 грамаў, значыць, кіло каштуе 120 рублёў. Марына сёння набыла ў Бергене кубачак гэтых ягадаў за 49,90 кроны (15 рублёў), а кілаграм каштаваў 66,8 рубля.

Апельсіны ў Менску «аддавалі» за шэсць-сем рублёў за кілаграм, у Бергене яны былі за 19,90 кроны (5,99 рубля), а калі набываць сетку вагой два кілаграмы, то кіло абыдзецца на 16,90 кроны (5,09 рубля).


Клеменціны на менскім рынку каштавалі дзевяць рублёў, такі самы сярэдні кошт быў і на грушы. У краме Нарвегіі апельсіны і грушы прадавалі за 39,9 кроны (12 рублёў).

Бананы: кошт у Менску – пяць рублёў за кілаграм, у Нарвегіі – 25,8 кроны (7,77 рубля).
Таматы на Камароўцы каштавалі ў сярэднім дзесяць рублёў за кілаграм, чэры – 10–33 рублі. У Нарвегіі кошт самых танных таматаў складае 49,90 кроны (15 рублёў), чэры – 79,60 кроны (23,9 рубля).

У беларускай сталіцы чатыры рублі каштавалі невялікія лімоны, «вонкавы выгляд якіх бянтэжыць», а тыя, што буйнейшыя і прывабнейшыя – дзесяць рублёў. Нарвежцы плацілі за кілаграм гішпанскіх лімонаў 37,80 кроны (11,3 рубля).

Часнок: Менск – 23–35 рублёў, Берген – у залежнасці ад пакунку ад 99,80 да 199 кронаў (ад 30 да 60 рублёў).
