УСУ разграмілі масаваную 16-гадзінную атаку войскаў РФ і КНДР пад Курскам
9- 9.02.2025, 17:33
- 21,668

Паўночнакарэйцы вярнуліся на фронт.
Расея вярнула на фронт у Курскую вобласць паўночнакарэйцаў і адразу ж кінула іх у «мясныя штурмы». Адзін з такіх нападаў быў разгромлены ваярамі 47-й брыгады УСУ «Магура».
Кадры і падрабязнасці ўкраінскае падраздзяленне апублікавала на сваім афіцыйным канале ў Telegram.
Вайскоўцы адзначылі змену тактыкі УС РФ падчас штурмаў на Куршчыне. «Калі раней наступалі ў асноўным тэхнікай, то цяпер кінулі ў наступ менавіта пяхоту. Напады ажыццяўляліся вялікай колькасцю пяхотных групаў адразу на некалькіх кірунках», – паведамілі вайскоўцы УСУ.
Яны ўдакладнілі, што штурм доўжыўся блізу 16 гадзінаў. «Ішлі (войскі КНДР – рэд.) па палях і адкрытых адрэзках. Варожых штурмавікоў падвозілі на багі і выгружалі ў вузкія пасадкі, дзе вораг хаваўся за дрэвамі», – расказалі ў «Магуры».
Сілы абароны Украіны адбілі расейскі штурм, выкарыстоўваючы касетныя боепрыпасы. Страты расейцаў і паўночнакарэйцаў вайскоўцы ацэньваюць прыблізна на роту, гэта значыць 80–150 чалавек.
Вяртанне паўночнакарэйцаў на фронт пракаментаваў у Telegram кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзынфармацыі (ЦПД) Рады бяспекі Украіны Андрэй Каваленка.
«На Куршчыне тактыка выкарыстання вайскоўцаў КНДР расейцамі ўвогуле не змянілася. Тыя самыя штурмавыя групы, якія ідуць “у лоб” і нясуць страты», – адзначыў афіцэр.
Сілы абароны Украіны ў студзені 2025 года заўважылі знікненне паўночнакарэйскіх войскаў з лініі фронту ў Курскай вобласці.
Расейцы адвялі гэтыя падраздзяленні ў тыл праз вялізныя страты для аднаўлення і паўторнай трэніроўкі салдатаў.
Войскі КНДР былі вернутыя на поле бою ў тэрміновым парадку на днях. Камандаванне УС РФ пайшло на такі крок праз новы паспяховы наступ украінскіх сілаў пад Суджай.