Нетаньяху паабяцаў знішчыць ХАМАС пасля вяртання закладнікаў
- 9.02.2025, 14:37
- 4,976

Прэм'ер-міністр Ізраіля падкрэсліў, што прэзідэнт ЗША поўнасцю падтрымлівае гэтую пазіцыю.
Ізраіль прадаўжае аперацыю вызвалення закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў сектары Газа. ХАМАС перадаў ізраільскаму боку траіх палонных, узятых у закладнікі 7 кастрычніка 2023 года. У абмен Ізраіль вызваліў 183 палестынскіх зняволеных. Пасля гэтага прэм'ер-міністр Біньямін Нетаньяху заявіў, што Ізраіль зробіць усё магчымае, каб вярнуць рэшту закладнікаў, але ў будучыні «ХАМАС у Газе больш не будзе», піша The Times of Israel.
«Мы зноў убачылі, якія гэта монстры з ХАМАС. Гэта тыя самыя монстры, якія забівалі нашых грамадзянаў і здзекаваліся з нашых палонных. Яны заплацяць за гэта», – заявіў Нетаньяху.
Кіраўнік ізраільскага ўраду дадаў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп поўнасцю падтрымлівае гэтую пазіцыю. «Мы зробім усё, каб вярнуць усіх закладнікаў, але ХАМАС у Газе больш не будзе. Мы знішчым яго», – падкрэсліў ён.
Тэма будучага сектара Газа абмяркоўвалася на сустрэчы Нетаньяху і Трампа, якая адбылася 4 лютага ў Вашынгтоне. Трамп заяўляў, што палестынцаў неабходна перасяліць у суседнія арабскія краіны, а сам сектар Газа павінен быць перададзены пад кантроль ЗША. У адказ прадстаўнік ХАМАС Басем Наім параўнаў гэтую прапанову з этнічнай чысткай.
Нагадаем, 8 лютага «Хамас» вызваліў траіх закладнікаў, якія былі ўзятыя ў палон 7 кастрычніка 2023 года. Ізраіль у сваю чаргу выпусціў з турмаў 183 палестынскіх зняволеных. Міністэрства аховы здароўя Ізраіля заявіла, што ўсе палонныя «Хамаса» пакутуюць ад вострага недаядання.