У Гішпаніі знайшлі парэшткі невядомага раней віду старажытнага чалавека
7- 13.03.2025, 20:24
- 4,416

Магчыма, гэта раней невядомы від Homo.
Навукоўцы выявілі ў Гішпаніі закамянелыя косткі твару ўзростам прыкладна 1,1–1,4 млн гадоў. Магчыма, гэта парэшткі раней невядомага віду ў эвалюцыйнай лініі чалавека, піша BBC.
Закамянеласці знайшлі ў пячоры Сіма-дэль-Элефантэ недалёка ад горада Бургас. Яны ўяўляюць з сябе самы ранні чалавечы твар Заходняй Еўропы, ідэнтыфікаваны на сёння.
Даследнікі назвалі ўладальніка гэтых костак Пінкам, у гонар гурта Pink Floyd.
Анатомія твару Пінка больш прымітыўная, чым у Homo antecessor – віду, які жыў у Заходняй Еўропе блізу 850 тысячаў гадоў таму, сярэдняя частка твару якога нагадвала аблічча сучасных людзей.
Пінк валодаў больш выступальнай і масіўнай сярэдняй часткай твару, чым Homo antecessor, і ў чымсьці нагадваў, а дзесьці адрозніваўся ад Homo erectus, які сёння ўважаецца за першы від чалавека, што міграваў з Афрыкі.
Даследнікі заявілі, што знойдзеных костак недастаткова, каб зрабіць выснову аб прыналежнасці Пінка да новага віду старажытнага чалавека, але мяркуюць, што такая магчымасць цалкам рэальная.
Пакуль знаходку класіфікавалі як Homo affinis erectus на знак прызнання яе падабенства з некаторымі рысамі Homo erectus.
«Гэтыя знаходкі адкрываюць новы кірунак даследаванняў у вывучэнні эвалюцыі чалавека ў Еўропе, паколькі ўводзяць новага гульца ў раннім засяленні Еўропы», – адзначыла археолаг Роза Угет з Каталонскага інстытута палеаэкалогіі чалавека і сацыяльнай эвалюцыі.