Лукашэнка зноў выкрадае дзяцей
8- 25.06.2025, 10:22
- 6,422

Іх зноў прывезлі з Украіны ў Беларусь.
Фонд праўладнага актывіста Аляксея Талая, які некалькі гадоў вядзе кампанію «аздараўлення» ў Беларусі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны, відавочна, узяў паўзу. З канца 2024 года новыя групы «дзяцей з ДНР» у беларускія санаторыі праз фонд Талая не прыязджалі. Затое эстафету падхапіла былая грамадская арганізацыя, а цяпер партыя «Белая Русь».
«Салідарнасць» расказвае, чаму да іх нібыта гуманітарнай ініцыятывы ёсць пытанні.
Нагадаем, ініцыятыву, запушчаную «Белай Руссю» ў 2024-м, назвалі «Спіна да спіны». Як паведаміў яе лідар і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Раманаў, летась у рамках кампаніі сабралі больш за 150 тон прадуктаў, рэчаў і бытавой тэхнікі для жыхароў Курскай вобласці, і яшчэ засталіся Фінансы на «аздараўленне дзяцей Данбаса» ў Лепельскім раёне (аб гэтай паездцы і яе арганізатарах «Салідарнасць» расказвала летась у снежні).
Адметная асаблівасць дабрачыннага збору - у фармулёўках, якія выкарыстоўвалі дзеячы лукашэнкаўскага рэжыму. Высвятляецца, беларусы актыўна адгукнуліся, каб дапамагчы «нявінна пацярпелым ад агрэсіўных неправамерных дзеянняў УСУ». Менавіта так сцвярджаў Алег Раманаў.
У публічных выступах і каментарах СМІ ён і рэгіянальныя прадстаўнікі «Белай Русі», не саромеючыся, прылічаюць Луганскую і Данецкую вобласці, Запарожжа і Херсон да «рэгіёнаў Расеі, якія пацярпелі ў ходзе СВА». Уласна, у гэтым ключы праўладныя актывісты арганізуюць і «аздараўленне» ўкраінскіх дзяцей.
А цяпер у «Баравічцы» (дзіцячы філіял санаторыя «Радон»), што ў Дзятлаўскім раёне Гарадзеншчыны, знаходзяцца 28 дзяцей з самаабвешчанай «ДНР» — іх прывезла «Белая Русь» у рамках акцыі «Спіна да спіны».
Як піша Дзятлаўская раёнка «Перамога», дзеці — а гэта вучні пачатковай і сярэдняй школы — прабудуць у нашай краіне 19 дзён. Сярод спонсараў адпачынку названая КСУП «Вайневічы» і ТАА «Граніт-Агра». Таксама паведамляецца, што ў жніўні ў Дзятлаўскім раёне чакаюць «гасцей з Луганшчыны».
Вядома, што прыехалі яны з медсястрой і суправаджальнымі асобамі («старшым суправаджальнікам» у тэлесюжэтах называюць Аляксандра Грышына), а не з бацькамі — і ёсць пытанне, хто з законных прадстаўнікоў даваў дазвол на вываз дзяцей у іншую краіну, альбо ж гаворка ідзе пра дзяцей-сірот, за якіх выбірала акупацыйная адміністрацыя.
Яшчэ адна цікавая асаблівасць: акрамя мясцовых СМІ, «аздараўленчая кампанія» для дзяцей з акупаваных Расеяй рэгіёнаў шырока нідзе не асвятляецца.
Калі раней пра такія паездкі трубілі тэлеканалы, інфармагенцтвы, рэспубліканскія газеты, то цяпер усё даволі сціпла: выйшаў сюжэт лідскай тэлерадыёкампаніі, невялікую навіну паказала ТРК Гродна, напісалі пра «дзяцей Данбаса» раёнкі Дзятлава і Віцебска, куды школьнікаў ужо паспелі звазіць на экскурсію, ды сам дзіцячы санаторый у Instagram дае справаздачу, як ідуць справы.
Хоць нават у сюжэтах мясцовых выданняў выступленні чыноўнікаў перад падлеткамі, якіх рассадзілі на выцягнутыя з калідора лаўкі, выглядаюць максімальна недарэчна.
Зрэшты, акрамя сустрэч з адміністрацыяй выканкама і «Белай Русі» арганізатары выкарыстоўваюць бяспройгрышную тактыку: прапануюць тое, што цікава школьнікам.
Забаўляльныя мерапрыемствы, падарункі ад беларускіх прадпрыемстваў (спартыўны абутак, прысмакі, настолкі, смарт-гадзіннікі), экскурсіі — напрыклад, у Мірскі замак. Сустрэча з блогерам-мільённікам Робэртам Асіпуком (удзельнікам арганізаванага ўладамі ў 2025 годзе «злёту блогераў» — С.), які да таго ж выкладае маляванне і кампутарную графіку. Караоке, дзе песні «Король и шут» умела чаргуюцца з агіткамі пра «Матухну святую Русь».
Гэтак жа мала інфармацыі пра групу дзяцей з рэгіёнаў Данбаса, якія з канца траўня да сярэдзіны чэрвеня 2025 года аздараўляліся ў Рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Жамчужына» ў Лепельскім раёне.
«Віцьбічы» пісалі пра 34 дзяцей, у арганізатарах зноў «Белая Русь», а таксама Віцебская абласная ўправа Рэспубліканскага цэнтра аздараўлення, а ў мецэнаты залучылі кампаніі «Марка» і «Энергакамплект».
Са слоў старшыні абласнога Савета дэпутатаў і ў сумяшчальніцтве кіраўніка рэгіянальнага аддзялення «Белай Русі» Дзмітрыя Дзямідава, гэтая паездка — частка акцыі «Дзецям — дзяцінства без вайны».
У яе рамках, напрыклад, збіраюць добраахвотныя (?) ахвяраванні, што дазваляе прымаць «дзяцей з зоны СВА» — менавіта так выказаўся дэпутат. Але тут жа дадаў, маўляў «пакутуе наш брацкі народ, у першую чаргу - дзеці. Мы - людзі адной сям'і, адной крыві».
Пра тое, што ўсё, што адбываецца — ніякая не гуманітарная акцыя, а працяг маштабнай кампаніі індактрынацыі, прагаварылася ў сваім рэпартажы і раёнка «Лепельскі край». Вось такая крычалка пад воплескі прадстаўнікоў «Белай Русі» прагучала на свяце ў Дзень абароны дзяцей:
«Наша дружба сильна и крепка!
Наша дружба течёт, как река!
Пусть крепнет священный союз!
Россия — Донбасс — и Беларусь!»
І, як заявіў кіраўнік «Белай Русі» Алег Раманаў, прыём дзяцей з самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» прадошўжыцца.