23 чэрвеня 2025, панядзелак, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Не любяць Рыгорыча нават за грошы

18
Не любяць Рыгорыча нават за грошы
Ірына Халіп

На наступную пераклічку і Курманбек не прыйдзе.

Памятаеце хлопчыка Іллю з Рыгі, які ў 2022 годзе ўзяў інтэрв'ю ў Лукашэнкі на «Славянскім базары»? Забыліся, напэўна. А як не забыцца, калі пра яго прапаганда не нагадвае. Добра, сама нагадаю: Ілля Кароза, які прыехаў у Віцебск з бабуляй – заснавальніцай дзіцячай тэлеакадэміі ў Рызе, - задаў Лукашэнку пытанне наконт формулы поспеху. Гэты факт, зразумела, быў галоўнай навіной дзяржаўнай прапаганды.

У адным з тэлесюжэтаў побач з хлопчыкам з'явілася ягоная ўвішная бабуля, Надзея Бухарова, і паскардзілася Лукашэнку, што цяпер, пасля інтэрв'ю з дарагім Аляксандрам Рыгоравічам, у Латвіі іх чакаюць вялікія праблемы, хоць ты наогул не вяртайся. А далей, як гэта заўсёды бывае ў тэлевізары, узмах чароўнай палачкі – і вось ужо рыжская сям'я жыве ў Віцебску, беларускія пашпарты ім усім уручаюць ва ўрачыстай абстаноўцы праз два дні пасля падачы заявы аб выдачы грамадзянства, Лукашэнка загадвае віцебскаму выканкаму забяспечыць дастаўку бабулінай апаратуры з Рыгі ў Віцебск. Ілля становіцца віцебскім кадэтам, пра што зноў распавядаюць усе дзяржаўныя выданні, а бабуля абяцае адкрыць дзіцячую тэлеакадэмію ў Віцебску і ва ўсіх абласных гарадах Беларусі.

На гэтым усё заканчваецца. Ніякіх больш сюжэтаў, інтэрв'ю, апавяданняў аб баявых поспехах юнага вайскоўца і рэпартажаў з адкрыцця тэлеакадэміі. Уласна, і акадэміі ніякай не існуе - ні ў Віцебску, ні ў іншых гарадах Беларусі. Але вось што цікава: у лістападзе мінулага года ў Дубаі прайшоў нейкі конкурс юных талентаў Golden Palm з міжнародным журы. У складзе журы была і Надзея Бухарова. Яна прадстаўляла Латвію. Я зазірнула на яе старонку ў сацыяльных сетках - суцэльныя фатаграфіі з Рыгі, прычым ужо пасля пераезду ў Беларусь. І нічога - з Віцебска.

У 1998 годзе са Швайцарыі ўцякаў нейкі Юрген Граф. Сябе ён называў “рэвізіяністам", а справай усяго жыцця для яго было адмаўленне Галакоста. Ён сцвярджаў, да прыкладу, што “Цыклон-Б” не можа забіць нават муху, а падчас Другой сусветнай былі знішчаныя зусім не шэсць мільёнаў габрэяў, а “ўсяго толькі” 300 тысяч. Словам, у Шввйцарыі яго прысудзілі да турэмнага тэрміну, і Граф ірвануў у Беларусь – краіну свабоды слова і нястрымнай галоснасці. А нядаўна я даведалася, што ў студзені гэтага года ён памёр, але зусім не ў Беларусі і нават не ў Расеі, а ў родным шввйцарскім Базэлі, куды вярнуўся яшчэ ў 2018 годзе. Гэта значыць Граф проста знайшоў месца, дзе можна быць нацыстам без страху панесці за гэта адказнасць і пераседзець там роўна 20 гадоў да заканчэння тэрміну даўніны ў крымінальнай справе. А як толькі тэрмін даўніны скончыўся - ірвануў у Швайцарыю, пакінуўшы бярозкі ды балоты без найменшага шкадавання.

Дарэчы, нешта даўно нічога не чуваць пра Эвана Ньюмана – амерыканца, які ўдзельнічаў у штурме Капітолія ў 2020 годзе, а потым уцёк з ЗША. Праўда, ён спачатку зусім не на наш “астравок стабільнасці” накіраваўся, а ва Украіну. І толькі калі даведаўся, што ва Украіны з ЗША ёсць дамова аб узаемнай выдачы, ціхенька ўцёк у Беларусь, у якой такой дамовы няма. У Беларусі ён атрымаў статус уцекача, прычым пасведчанне яму ўручалі, як і пашпарты сям'і Карозы, пад тэлекамерамі з наступнымі сюжэтамі ва ўсіх праграмах навін. А паўгода таму, у студзені, Дональд Трамп памілаваў удзельнікаў штурму Капітолія, у тым ліку і Ньюмана. Дзе цяпер наш уцякач? Гатовая паспрачацца, што яго ўжо і след прастыў, а ад успамінаў аб нашай ціхай і бяспечнай краіне не засталося нічога. Як і жадання калі-небудзь вярнуцца ў гэтую дзівосную ціхую гавань.

Матываў у замежнікаў, якія дэкларуюць любоў да дыктатуры і едуць сюды жыць, усяго два: або пошук месца з сумнеўнай рэпутацыяй, дзе можна пераседзець крымінальнае абвінавачванне аж да амністыі або заканчэння тэрміну даўніны, або стрыманы разлік на тое, што ў абмен на публічную дэманстрацыю любові да Лукашэнкі з ягоных засекаў пасыплюцца грошы, дамы, пасады, ільготы. Усё гэта - вядома, гандаль, прастытуцыя, махлярства, але ніяк не любоў да Беларусі і ўжо тым больш да бочкападобнага вусатага дзядзькі. Не склалася з дзядзькам - можна ехаць у Дубаі прадстаўляць Латвію ў журы конкурсу. Ці ўцякаць з усіх ног дадому, ледзь гадзіннік прабіў поўнач і тэрмін даўніны скончыўся.

Што зробіш - не любяць Рыгорыча нават за грошы і гарантыі бяспекі. Падазраю, што на наступную пераклічку нават сябар Курманбек не прыйдзе.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках