Bloomberg: Нямеччына распрацоўвае планы новага «жалезнага кулака» за 25 млрд еўраў
4- 6.07.2025, 14:38
- 2,854

Новыя брыгады NATO ствараюцца для стрымлівання Расеі.
Агенцтва Bloomberg паведаміла са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з пытаннем, што Нямеччына плануе закуп да 2500 баявых браняваных машын і да 1000 баявых танкаў (пераклад - «Телеграф»).
З іх хочуць стварыць новыя брыгады NATO «для стрымлівання Расеі», паведаміла агенцтва. З яго звестак, NATO звярнулася да Нямеччыны з прапановай арганізаваць да сямі баявых брыгад цягам наступнага дзесяцігоддзя.
У выпадку адабрэння ўрадам Нямеччыны гэтыя сілы будуць аснашчаныя сучаснымі баявымі машынамі і танкамі, паведамілі на ўмовах ананімнасці крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
У планах урада Нямеччыны закуп танкаў Leopard 2 і да 2500 баявых браняваных машын GTK Boxer. Танкі вырабляюцца кампаніямі KDNS і Rheinmetall, а баявыя машыны - ARTEC, супольным прадпрыемствам KDNS і Rheinmetall.