8 лiпеня 2025, aўторак, 1:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сказалі: «Скачы!» – ён і скокнуў»

9
«Сказалі: «Скачы!» – ён і скокнуў»

Новыя падрабязнасці гібелі 5-гадовага хлопчыка ў Астраўцы.

У канцы чэрвеня ў Астраўцы пяцігадовы Захар упаў у калодзеж і загінуў. Пасля гэтага на камунальнікаў завялі крымінальную справу. У мясцовай ЖКГ мяркуюць, што ні ў чым не вінаватыя: люкі ўсталяваныя паводле правіл, а бацькоў дзіцяці не было побач.

Пасля інцыдэнту была распачатая крымінальная справа ў дачыненні да камунальнікаў.

«Устаноўлена, што ачышчальныя ліўневыя збудаванні не былі абгароджаныя. Люкі накрытыя пластыкавымі вечкамі, на якіх адсутнічаюць запорные прылады. Распачатая крымінальная справа паводле артыкула «Службовая халатнасць», што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека (ч.2 арт.428 КК)», - распавяла дзяржтэлеканалу АНТ афіцыйная прадстаўніца ўправы СК Гарадзенскай вобласці Іна Пазняк.

А вось са слоў начальніка аддзела Астравецкай ЖКГ Уладзіміра Ігнацьева, сама канструкцыя такіх накрывак не прадугледжвае ахоўных механізмаў або агароджы.

«Паводле праекта гэтыя люкі ідуць без агароджаў. Ачышчальныя збудаванні былі здадзеныя ў 2010 годзе, стаялі нікому не патрэбныя, ніхто туды не лазіў. Па большай частцы гэта неналежны кантроль бацькоў», - мяркуе камунальнік.

Гісторыя ўжо абрасла здагадкамі і таямнічымі версіямі. Так, мясцовыя падлеткі расказалі, што хлопчык гуляў каля ачышчальных збудаванняў з двума хлопчыкамі 7 і 9 гадоў.

«Мне расказала мая сястра, што яны тут гулялі і адзін хлопчык сказаў іншаму: «Скачы!». Ну ён і скокнуў. Толькі праз гадзіну яго дасталі», - сабраў чуткі тэлеканал АНТ.

Дзядуля Захара, які днямі пахаваў унука, у народную версію не верыць: кажа, хлопчык усяго на свеце баяўся, нават садзіцца на ровар.

Нагадаем, у Астраўцы пяцігадовы хлопчык патануў у студні ачышчальных збудаванняў 28 чэрвеня. Паводле следства, люк не быў агароджаны, а на вечку не было затвора, што дазволіла дзіцяці адкрыць люк. 30 чэрвеня распачалі крымінальную справу за службовую халатнасць.

СК расказваў, што трагедыя адбылася, калі загінулы хлопчык разам з сябрамі гулялі на тэрыторыі зялёнай зоны, дзе размешчаныя калодзежы.

«Бесперашкодны доступ да канструкцыі дазволіў 5-гадоваму дзіцяці адкрыць вечка люка студні. Малалетні не ўтрымаўся і зваліўся ў яго. Таварышы хлопчыка, на чыіх вачах здарылася трагедыя, пабеглі да маці сябра, якая паведаміла ратавальнікам аб здарэнні», - пісаў Следчы камітэт.

Затым прыехалі ратавальнікі і дасталі хлопчыка са студні, але лекарам не ўдалося яго выратаваць.

Пасля праверак Следчы камітэт прыйшоў да высновы, што былі парушаныя патрабаванні бяспекі. «Ачышчальныя ліўневыя збудаванні не былі абгароджаныя, люкі накрытыя пластыкавымі вечкамі, на якіх адсутнічаюць засоўныя прылады», – адзначыў тады СК.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках