Уладальніка адной з найбуйнейшых золатаздабыўных кампаній Расеі затрымалі пры спробе ўцячы з краіны
17- 6.07.2025, 15:15
- 17,744

Мільярдэр спрабаваў пакінуць РФ на ўласным джэце Bombardier.
Супрацоўнікі расейскай ФСБ не далі бенефіцыяру кампаніі «Южуралзолата» (ЮГК), намесніку старшыні Чэлябінскага заксходу Канстанціну Струкаву паляцець з Чэлябінска ў Турцыю 5 ліпеня, паведамляе «Коммерсантъ».
Паводле інфармацыі выдання, мільярдэр спрабаваў пакінуць Расею на ўласным джэце Bombardier коштам звыш $50 млн, нягледзячы на судовую забарону. Газета апублікавала кадры аператыўнай здымкі, на якіх Струкаў сядзіць у салоне самалёта, а побач з ім стаяць некалькі сілавікоў. Паведамляецца, што Расавіяцыя ў апошні момант забараніла ўзлёт судну, якое знаходзіцца пад арыштам, затым на борт падняліся судовыя прыставы і канфіскавалі ў бізнэсоўца замежны пашпарт, ужо ануляваны міграцыйнай службай МУС.
2 ліпеня Струкаву разам з сямейнікамі забаранілі выязджаць за мяжу ў рамках пазову Генпракуратуры, якая запатрабавала выключыць яго актывы - акцыі і долі ў 11 кампаніях, у тым ліку ў ЮГК - як карупцыйныя. Паводле звестак ведамства, выкарыстоўваючы свой статус і валодаючы «бязмежным уплывам на ўлады рэгіёну», ён завалодаў золатаздабыўнымі і вугальнымі прадпрыемствамі, аформіўшы іх на сваіх сваякоў і падкантрольных асоб. Раней мільярдэр заявіў, што не мае намеру хавацца ад праваахоўных органаў. «Мне і няма куды», - запэўніваў ён.
У ЮГК адмаўляюць, што бізнэсовец спрабаваў пакінуць Расею. Прадстаўнік кампаніі сцвярджае, што цягам суботы Струкаў знаходзіўся на працоўным месцы ў маскоўскім офісе. Аналагічную інфармацыю прывяла ўнучка мільярдэра Ульяна ў каментары «Асцярожна, навіны». З'яўленне ў СМІ відэа самалёта і фота салона са Струкавым, які сядзіць у ім, яна растлумачыць не змагла, адзначыўшы толькі, што і раней было «даволі шмат укідаў у бок сям'і».
Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, бізнэсовец дапамог сваім сваякам набыць грамадзянства некалькіх еўрапейскіх краін. Дарэчы, у яго дачкі Аляксандры ёсць пашпарт Швэйцарыі, і ў Расеі яна не жыве, нягледзячы на тое, што ўважаецца ўладальніцай долі ў ЮГК і шэрагу юрыдычных асоб на Урале. Ва ўласнасці самога Струкава знаходзіцца гатэльны бізнэс у Чарнагорыі, а ў яго жонкі маецца камерцыйная кампанія ў Сербіі. Паводле звестак сілавікоў і падатковых органаў, грошы, якія мільярдэр зарабляе ў Расеі, затым накіроўваюцца ў «недружалюбныя» краіны.
«Южуралзолата» займае 3-е месца па аб'ёмах здабычы золата ў Расеі. Актывы кампаніі ўключаюць радовішчы ў Чэлябінскай вобласці, Хакасіі і Краснаярскім краі. У 2024 годзе яна зрабіла 10,6 тоны золата, выбавіўшы 25 млрд рублёў. Пры гэтым чыстая страта склала 7,2 млрд рублёў. Сам Струкаў знаходзіцца на 78-м радку ў спісе Forbes з багаццем $1,9 млрд.
2 ліпеня ў офісах ЮГК і афіляваных з ёй арганізацый прайшлі ператрусы ў межах крымінальнай справы аб парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, прамысловай бяспекі і эксплуатацыі прамысловых аб'ектаў. Пакуль Струкаў у ёй не фігуруе.