Шэйхі з Хеўрона хочуць стварыць свой эмірат і падтрымліваць мір з Ізраілем
- 6.07.2025, 16:12
- 8,470

Яны перадалі ліст ізраільскаму міністру.
Шэйх Вадзі аль-Джабары з Хэўрона на Заходнім беразе Ярдана прапанаваў вывесці горад з падпарадкавання палестынскай адміністрацыі і прызнаць Ізраіль як дзяржаву, паведамляе The Wall Street Journal.
Газета называе аль-Джабары лідарам аднаго з самых уплывовых арабскіх кланаў у Хеўроне. Ён і яшчэ чацвёра шэйхаў, аўтарытэтных рэлігійных і грамадскіх лідараў, напісалі ліст міністру эканомікі Ізраіля Ніру Баркату з просьбай перадаць яго прэм'ер-міністру Біньяміну Нетаньяху.
У пасланні аўтары выступілі за стварэнне ўласнага эмірата і прапанавалі далучыцца да "Пагадненняў Абрагама" - падпісанай у 2020 годзе ў Вашынгтоне дамоўленасці аб нармалізацыі дачыненняў Ізраіля з Бахрэйнам, ААЭ, Суданам і Марока. Узамен яны жадаюць, каб Ізраіль прызнаў «эмірат Хэўрон у якасці прадстаўніка арабскіх жыхароў» акругі.
«Мы хочам супрацоўніцтва з Ізраілем. Мы хочам суіснавання», - заявіў аль-Джабары. Шэйхі раскрытыкавалі дамовы ў Осла, заявіўшы, што яны прывялі да стварэння «карумпаванай палестынскай адміністрацыі замест прызнання традыцыйнага сапраўднага мясцовага кіраўніцтва», і прапанавалі паэтапна аднавіць працаўладкаванне палестынцаў у Ізраілі.