Арыштаваны экс-намеснік кіраўніка Расгвардыі Віктар Стрыгуноў
18- 7.07.2025, 21:49
- 9,982
Яго абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.
Следчы камітэт Расеі 7 ліпеня паведаміў пра арышт былога першага намесніка кіраўніка Расгвардыі генерал-палкоўніка Віктара Стрыгунова.
Як паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на ўстанову, яго абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і атрыманні хабару асабліва буйнога памеру. Стрыгуноў накіраваны ў СІЗА. Калі менавіта ён быў затрыманы, не паведамляецца.
Крымінальная справа, як вынікае з паведамлення ўстановы, звязаная з крадзяжамі пры будаўніцтве навучальнага цэнтра ў Кемераўскай вобласці, якое курыраваў Стрыгуноў. Кантракт на ягонае будаўніцтва быў заключаны яшчэ ў 2014 годзе.
Навучальны цэнтр, як паведамляецца, пабудаваны не быў, шкода дзяржаве склала блізу двух мільярдаў рублёў. Таксама Стрыгунова абвінавачваюць у атрыманні ў 2012–2014 гадах хабару ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый памерам больш як 66 мільёнаў рублёў. Не паведамляецца, ці прызнае ён віну.
Стрыгуноў быў адным з камандзіраў унутраных войскаў МУС, пасля іх пераўтварэння ў Расгвардыю перайшоў у гэтую структуру. Яму было прысвечана адно з расследаванняў Новасібірскага штаба Аляксея Навальнага – актывісты сцвярджалі, што ягоная жонка валодае дарагой нерухомасцю.
У 2023 годзе Стрыгуноў быў зняты з пасады першага намесніка кіраўніка Расгвардыі Віктар Золатава, стаўшы ягоным дарадцам. Уключаны ў санкцыйныя спісы шэрагу краінаў – у сувязі з удзелам Расгвардыі ў расейскім уварванні ва Украіну.