Расея імкліва страчвае танкі Т-62
8- 10.08.2025, 16:09
- 5,850
Крэмль кампенсуе імі недахоп сучасных танкаў.
На фоне агульнага памяншэння страт бранятэхнікі, расейскае войска пачало часцей страчваць састарэлыя танкі Т-62. Пра гэта паведаміў вайсковы аналітык Рычард Верэкер, спасылаючыся на звесткі з рэсурсу Warspotting.net, які вядзе візуальны ўлік знішчанай тэхнікі ў вайне супраць Украіны.
Згодна з аналізам, у перыяд з сакавіка да ліпеня 2025 года страты Т-62 выраслі ў 2,5 разы. На думку экспэртаў, гэта звязана з тым, што гэтыя старыя мадэлі часцей прыцягваюцца да баявых дзеянняў, тады як навейшыя танкі, у прыватнасці Т-80, Расея спрабуе адводзіць у рэзерв для захавання.
Усяго з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расея страціла сама меней 3545 танкаў. Больш за ўсё - Т-72 (1529 адзінак), далей - Т-80 (1113), Т-62 (274) і Т-90 (168). У той жа час у чэрвені і ліпені 2025 года былі зафіксаваны самыя нізкія паказчыкі страт за ўвесь час: усяго 19 і 25 танкаў адпаведна.
Такі спад сведчыць не толькі аб зменах у тактыцы прымянення бранятэхнікі, але і аб крытычным знясіленні запасаў найноўшых узораў, якія Расея зараз спрабуе берагчы.
Т-62 што вядома аб гэтым танку
Т-62 - савецкі асноўны баявы танк, распрацаваны ў 1950-х гадах як пераемнік Т-55. Ён стаў першым серыйным танкам у свеце, абсталяваным гладкаствольнай гарматай калібра 115 мм.
Бранаванне і ўзбраенне Т-62 былі ўзмоцнены ў параўнанні з папярэднікам, але яго канструкцыя хутка састарэла са з'яўленнем больш сучасных мадэляў. Вытворчасць працягвалася з 1961 да 1975 года, пасля чаго танкі ў асноўным былі зняты з узбраення.
Цяпер Расея актыўна вяртае Т-62 на фронт праз дэфіцыт сучаснай тэхнікі, мадэрнізуючы частку машын для выкарыстання ў вайне супраць Украіны.