«80% такіх ферм у Беларусі»
9- 11.08.2025, 12:02
- 7,366
Відэа з каровамі ў гразі ў Добрушскім раёне распаўсюдзілася ў сацсетцы.
У сацсетках заспаўсюдзілася відэа, як сцвярджаецца, з фермы ў вёсцы Антонаўка Добрушскага раёна. На роліках бачныя каровы ў загоне, якія ходзяць па гразі і гною.
Ролікі з'явіліся дзень таму і былі выкладзеныя з ананімнай стронкі. Ферма ў вёсцы Антонаўка сапраўды ёсць - яна належыць дзяржпрадпрыемству ААТ «Чырвоная Буда» і амаль не згадваецца ў сеціве. Тэлефоны гаспадаркі недаступныя - магчыма, адключаныя.
Вядома, што ў 2018 годзе на гэтым прадпрыемстве КДК знайшоў масавыя парушэнні: нястача жывёлы, прыпіскі прыбаўкі вагі, завышэнне аб'ёмаў вытворчасці, скрыўленне справаздачнасці.
Якасць кантэнту і адсутнасць падрабязнасцяў не дазваляе верыфікаваць відэа і пацвердзіць, што яно знята менавіта на гэтай ферме. Таму «Флагшток» зрабіў агляд каментароў (у цэлым, іх ужо блізу 3 тысяч), у якіх карыстальнікі сацсеткі падзяліліся сваімі назіраннямі — высветлілася, што праблема агульная для многіх сельгаспрадпрыемстваў.

Каментатары падзяліліся: некаторыя не вераць, што «такое магчыма ў Беларусі», але большасць сцвярджаюць, што падобная сітуацыя — паўсюль. Некаторыя адзначаюць, што ўмовы ўтрымання буйной рагатай жывёлы на адкрытых загонах пагоршылі дажджы.
Карыстальнікі сцвярджаюць:
"Добрушскі раён увесь такі"
"80% такіх ферм у Беларусі"
"Такое бязладдзе дзеецца ў многіх гаспадарках, у Рагачоўскім раёне (у бок Доўска) амаль паўсюдна! На паперы пішуць, што ўсё добра і гладка, а напраўду ўсё да слёз!"
“У мяне ў вёсцы такая ж ферма ёсць, пасля дажджоў каровы па вымя так плаваюць".
"Калінкавіцкі раён, Замосце, тое ж самае".
“Я таксама такое назіраў, пакуль не абгарадзілі бетонным парканам ад старонніх вачэй! Вёска Зарэчча, Мікалаеўскі сельскі савет Светлагорскага раёна"
У каментарах таксама падаюцца адрасы ў іншых абласцях Беларусі.
Пасыл многіх каментатараў, а таксама самога аўтара відэа — каб гэта “дайшло да Лукашэнкі”. У рэпліках адзначаюць, што ён добра ведае пра агульную сітуацыю, а на публіку ладзіць “паказуху”.