Лідары ЕЗ зрабілі новую заяву што да Украіны
- 12.08.2025, 15:57
- 3,220
Еўропа звязвае мір ва Украіне з бяспекай ва ўсім рэгіёне.
Краіны Еўрапейскага Звязу заявілі, што ўкраінцы павінны мець свабоду самастойна вызначаць сваю будучыню. Заява прагучала напярэдадні сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Пуціна, якая пройдзе ў пятніцу на Алясцы, піша Reuters (пераклад - сайт Charter97.org).
У еўрапейскія лідары і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі праводзяць перамовы з Трампам, баючыся, што Вашынгтон — раней галоўны пастаўшчык узбраенняў Кіеву — можа навязаць Украіне нявыгадныя ўмовы міру.
У супольнай заяве ўсіх краін ЕЗ, акрамя Вугоршчыны, падкрэсліваецца, што «змястоўныя перамовы магчымыя толькі пры ўмове спынення агню або зніжэння інтэнсіўнасці баявых дзеянняў». Лідары дадалі, што дыпламатычнае развязанне павінна ўлічваць жыццёва важныя інтарэсы бяспекі Украіны і Еўропы.
Таксама ў дакуменце адзначана, што «Украіна, здольная эфектыўна абараняцца, — неад'емная частка будучых гарантый бяспекі», і ЕЗ гатовы ўнесці ўклад у іх забеспячэнне.
Зяленскі вітаў пазіцыю Еўразвязу, папярэдзіўшы, што Расея рыхтуе новыя наступальныя дзеянні, і заявіў пра неабходнасць выпрацаваць супольную лінію, каб «не дазволіць Расеі зноў падмануць свет».
Прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан раскрытыкаваў калег, прапанаваўшы замест гэтага правесці саміт ЕЗ - Расея.
Першая сустрэча Трампа і Пуціна ў ЗША з 2021 года выклікае асцярогі, што амерыканскі лідар можа паставіць лакальныя інтарэсы ЗША вышэй за бяспеку еўрапейскіх хаўруснікаў.