Трамп зрабіў новую заяву перад Аляскай
7- 15.08.2025, 16:27
- 4,640
Прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што Расея атрымае новыя санкцыі, калі мірнай дамовы не будзе.
У час сустрэчы на Алясцы сярод іншага будзе абмяркоўвацца пытанне абмену тэрыторыямі, але канкрэтныя пастановы наконт гэтага будзе прымаць Украіна.
Пра гэта заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у каментары журналістам на борце прэзідэнцкага самалёта, які накіроўваецца на Аляску.
– [Пытанне абмену тэрыторыямі] будзе абмяркоўвацца, але я павінен дазволіць Украіне прыняць гэтую пастанову. І я думаю, што яны прымуць правільную пастанову. Але я тут не для таго, каб весці перамовы замест Украіны. Я тут для таго, каб пасадзіць усіх за стол перамоваў. Калі мы дасягнем прагрэсу, я буду абмяркоўваць гэта, – сказаў Трамп.
Паводле словаў Трампа, ЗША дадуць Украіне пэўныя гарантыі бяспекі супольна з краінамі Еўропы, але гэта не будзе зроблена пад эгідай NATO.
Таксама Трампа папрасілі пракаментаваць расейскія ўдары па Украіне. На гэта прэзідэнт ЗША выказаў меркаванне, што так Пуцін спрабуе ўзмацніць сваю пазіцыю перад перамовамі.
– Ён спрабуе стварыць сцэну. У ягоным разуменні гэта дапаможа ім заключыць лепшую ўгоду. Насамрэч гэта шкодзіць ім. Але, на ягоную думку, гэта дапаможа ім заключыць больш выгадную ўгоду, калі яны змогуць прадоўжыць забойствы. Магчыма, гэта проста ягоныя гены. Але ён думае, што гэта дае яму моц у перамовах. Я думаю, што гэта шкодзіць яму, але я пагавару з ім пра гэта пазней, – сказаў Трамп.
Разам з тым прэзідэнт ЗША выказаў пэўны аптымізм датычна сённяшніх перамоваў з Пуціным.
– З двух бакоў ёсць узаемная павага. І я думаю, што з гэтага нешта выйдзе. Я заўважыў, што ён вязе шмат бізнэсоўцаў з Расеі. І гэта добра. Мне гэта падабаецца, таму што яны хочуць весці бізнэс, але яны не будуць весці бізнэс, пакуль мы не разбярэмся з вайной, – сказаў Трамп.
Пры гэтым амерыканскі прэзідэнт нагадаў, што расейская эканоміка перажывае складаныя часы, таму ў выпадку, калі перамовы не дадуць выніку, Расея будзе мець яшчэ большыя праблемы.
– Будуць вельмі сур'ёзныя эканамічныя наступствы. Я раблю гэта не дзеля свайго здароўя, зразумелая справа? Я раблю гэта, каб выратаваць шмат жыццяў. Таму будуць вельмі сур'ёзныя эканамічныя наступствы, – сказаў Трамп, адказваючы на пытанне пра магчымасць новых санкцый супраць РФ.