Зніжкі на расейскую нафту перавысілі $12 за бараль
1- 15.08.2025, 19:06
- 2,998
Расейскія нафтавікі павялічылі зніжкі пасля пагрозаў Трампа на адрас Індыі.
Расейскія нафтавікі павялічваюць зніжкі на нафту гатунку Urals пасля таго, як Дональд Трамп увёў 25-адсоткавыя мыты для Індыі і прыгразіў падняць іх да 50% за энэргетычнае супрацоўніцтва з Крамлём.
На стан 14 жніўня дысконт Urals у порце Прыморск на Балтыйскім моры да паўночнаморскага гатунку Brent дасягнуў $12,16 за бараль, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на звесткі Argus.
У канцы ліпеня зніжка складала $11,96 за бараль на ўмовах FOB. У індыйскіх партах (з улікам кошту транспартавання) дысконты Urals павялічыліся з $2,04 да $2,61 за бочку.
Для Кітая, які набывае далёкаўсходні гатунак ESPO, зніжкі ў порце Казьміно выраслі з $3,75 да $4,81 за бараль у параўнанні з маркай Dubai.
Пасля павелічэння зніжак індыйскія НПЗ, якія набываюць блізу 2 млн бараляў Urals штодня, зноў пачалі прыглядацца да расейскага гатунку, імпарт якога прыпынілі праз мыты Трампа.
Дзяржаўныя Indian Oil, Hindustan Petroleum і Bharat Petroleum зноў пачалі накіроўваць гандлёвым фірмам запыты на набыццё Urals, расказалі Reuters тры крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
Зніжкі для Індыі прывядуць да зніжэння прыбыткаў федэральнага бюджэту, папярэджвае Наталля Мільчакова, галоўны аналітык Freedom Finance Global: з улікам цяперашняга кошту Brent (блізу $ 66 за бараль) расейскі гатунак Urals гандлюецца за $54–55 супраць $60 у сярэднім за ліпень.
У выніку нафтагазавыя прыбыткі паводле вынікаў года могуць апусціцца ніжэй за 8 трлн рублёў, не выключае Мільчакова. Першапачаткова Мінфін планаваў сабраць 10,9 трлн рублёў, але ўлетку рэзка панізіў план – да 8,3 трлн.
За студзень – ліпень паступленні сыравінных падаткаў у казну скараціліся на 18 адсоткаў, а ў апошнія тры месяцы падаюць з хуткасцю блізу 30 адсоткаў год да году. За 7 месяцаў у бюджэце, паводле звестак Мінфіна, утварыўся дэфіцыт на 4,9 трлн рублёў – у 4,4 раза больш, чым за аналагічны перыяд год таму.