Пекін адхіляе ўльтыматум Трампа
13- 4.08.2025, 11:03
- 11,576
МЗС КНР выступіў з заявай.
Вашынгтон і Пекін, магчыма, змогуць урэгуляваць многія са сваіх супярэчнасцяў дзеля ўкладання гандлёвага пагаднення, аднак ёсць пытанне, у якім яны па-ранейшаму далёкія ад кансэнсусу — гэта патрабаванне ЗША, каб Кітай спыніў закупкі нафты ў Расеі ды Іране.
Пра гэта ў панядзелак, 4 жніўня, піша Associated Press.
Агенцтва падае заяву Міністэрства замежных спраў Кітая, якая прагучала пасля гандлёвых перамоў у Стакгольме ў адказ на пагрозу ЗША ўвесці 100% тарыфы, у якім гаворыцца, што Кітай будзе забяспечваць сваю энэргетычную бяспеку, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў.
«Прымус і ціск нічога не дадуць. Кітай будзе смела абараняць свой суверэнітэт, бяспеку і інтарэсы развіцця», — падкрэслілі ў МЗС КНР.
Заява адметная тым, што яна была зробленая на фоне таго, як Пекін і Вашынгтон дэманструюць аптымізм і гатоўнасць да кампрамісаў для дасягнення пагаднення, якое стабілізуе гандлёвыя стасункі паміж дзвюма найбуйнейшымі эканомікамі свету, паказвае AP. І яна сігналізуе пра ўпэўненасць Кітая ў сваёй здольнасці дзейнічаць жорстка ў дачыненні з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Асабліва, калі справа тычыцца энэргетычнай і замежнай палітыкі.