СБУ злавіла «крата» ў шэрагах Мінабароны Украіны
6- 4.08.2025, 11:12
- 8,042
Ён перадаў РФ звесткі аб вайсковай частцы.
Работнікі СБУ выкрылі агента ў Дзяржспецтрансслужбе Міністэрства абароны Украіны, які працаваў на расейскую вайсковую выведку.
Пра гэта паведамляе тэлеканал Службы бяспекі Украіны (СБУ).
Як адзначылі ў СБУ, затрыманне адбылося яшчэ на этапе, калі фігурант праходзіў агульнавайсковую падрыхтоўку на палігоне.
Паводле звестак расследавання, вайсковец быў завербаваны акупантамі адразу пасля мабілізацыі ў адпаведнае падраздзяленне. Ён трапіў у поле зроку ГРУ РФ праз свае прарасейскія каментары ў сацсетках.
«Галоўнай задачай агента было карэктаванне паветраных нападаў РФ па сілах абароны ў Днепрапятроўскай вобласці», - гаворыцца ў паведамленні.
Задакументавана, што здраднік перадаваў праз мэсэнджар каардынаты вайсковай часткі, дзе праходзіў падрыхтоўку, а пасля пачаў збіраць выведвальныя звесткі ў іншых фармаваннях украінскіх Сіл абароны. Звесткі пасылаў куратару ў выглядзе пазнак на Google-картах з падрабязнымі апісаннямі цэляў.
У рамках спецаперацыі СБУ затрымала агента, канфіскавала тэлефон з доказамі шпіёнскай дзейнасці і прыняла меры ў абароне баявых пазіцый УСУ ў зоне выведвальнай актыўнасці РФ.
Мужчыну абвешчана падазрэнне па ч. 2 арт. 111 УКУ — дзяржаўная здрада ва ўмовах вайсковага становішча.