Зяленскі ўвёў санкцыі супраць «Расатама» і ключавых энэргетычных структураў РФ
- 9.08.2025, 10:39
- 1,202
У спіс патрапілі 35 фізічных і юрыдычных асобаў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указы, якія ўводзяць новыя персанальныя і сектаральныя санкцыі супраць 35 фізічных і юрыдычных асобаў, звязаных з дзяржкарпарацыяй «Расатам» і энэргетычнымі кампаніямі РФ.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на ўказы кіраўніка дзяржавы №594/2025, №595/2025 і на заяву журналістам упаўнаважанага прэзідэнта ў пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслава Уласюка.
8 жніўня Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны прыняла пастанову аб увядзенні новых спецыяльных санкцый супраць расейскай карпарацыі «Расатам» і яе глабальнай інфраструктуры.
Гэтыя захады зацверджаныя ўказамі прэзідэнта Украіны №594/2025 і №595/2025.
«Расатам»
Санкцыі ахопліваюць 18 фізічных і 17 юрыдычных асобаў, якія маюць дачыненне да спробаў інтэграцыі Запарожскай АЭС у энэргасістэму РФ, удзелу ў захопе Чарнобыльскай АЭС, вытворчасці і абслугоўванні ядзернага абсталявання падвойнага прызначэння, а таксама экспарту ўзбагачанага ўрану праз даччыныя кампаніі ў Еўропе.
Сярод ключавых фігурантаў спісу – Мікіта Канстанцінаў, намеснік генеральнага дырэктара АТ «Канцэрн Расэнэргаатам», а таксама кампаніі Uranium One Holding N.V. (Нідэрланды), Rosatom Finance Ltd (Кіпр) і АТ «Кіраў-Энэргамаш» (РФ).
Уласюк адзначае, што пашырэнне санкцыйнага ціску на «Расатам» з'яўляецца неад'емнай часткай барацьбы за абмежаванне доступу РФ да крытычных ядзерных тэхналогій і фінансавання.
Сінхранізацыя
Паралельна прадаўжаецца сінхранізацыя санкцый з ключавымі міжнароднымі партнёрамі.
Украіна ўжо цалкам сінхранізавала з ЗША санкцыі, прынятыя ў 2025 годзе, якія накіраваныя на энэргетычны і ваенна-прамысловы комплексы Расеі, а таксама на сеткі пасярэднікаў у трэціх краінах.
У санкцыйныя спісы ўвайшлі даччыныя кампаніі «Газпрамнафты» ў Расеі, Казахстане, Таджыкістане, Кыргызстане, а таксама аператары ценевага флоту РФ і трэйдары, якія абыходзяць коштавыя абмежаванні на нафту.
Сярод іншых мэтаў – кампаніі-вытворцы абсталявання для ВПК Расеі ў РФ, Кітаі, Турцыі, ААЭ і Малайзіі, а таксама фінансавыя і лагістычныя структуры, якія дапамагаюць абыходзіць санкцыі.
Украіна заяўляе пра гатоўнасць да далейшай каардынацыі з міжнароднымі партнёрамі для ўзмацнення санкцыйнага рэжыму і мінімізацыі рызыкаў яго абыходу.