У паветры пах серы: акупаваны Крым накрылі кіслотныя выкіды
7- 9.08.2025, 11:40
- 5,854
А праз засуху перасохлі рэкі.
У акупаваным Крыме – новая бяда. Праз засуху змялелі рэкі паўвострава, а такія населеныя пункты, як Краснаперакопск і Армянск, пакутуюць праз кіслотныя выкіды з завода «Крымскі тытан». Вады не стае для ахаладжэння кіслотазбіральніка прадпрыемства, таму шкодныя выкіды паднімаюцца ў паветра. Жыхары скардзяцца на каламутныя вокны і жудасны пах паветра начамі, піша OBOZ.UA.
Цьмянеюць люстэркі і смярдзіць серай
Праз засуху ў акупаваным Крыме паўтараецца экалагічная катастрофа 2018 года. Тады жыхары такіх гарадоў, як Армянск і Краснаперакопск, скардзіліся на кіслотныя выкіды з завода «Крымскі тытан», якім валодае алігарх Дзмітрый Фірташ.

З перасохлага возера, куды скідаліся адкіды з завода, сышла вада. А кіслотны пыл, які ўтварыўся, вецер разносіў па населеных пунктах. За ноч у людзей пакрываліся ржой усе металічныя прадметы, ападала лісце з дрэваў, знішчаны ўраджай.

Цяпер сітуацыя паўтараецца. Жыхары Армянска і Краснаперакопска пішуць у сацсетках, што на вуліцах з дрэваў апала лісце. А начамі няма чым дыхаць ад жудаснага смуроду.
«Смярдзіць так, што вочы слязяцца! Асабліва ўначы, прыкладна з трэцяй гадзіны, калі на заводзе ідуць актыўныя выкіды. Акно ў кватэры адчыніць немагчыма, нос шчыпле ад пахаў, спаць немагчыма. Бедныя людзі, якія пакутуюць ад алергіі», – абураецца Віктар Забродскі.
Некаторыя жыхары адзначаюць, што ў іх дамах памутнела шкло ў вокнах, а таксама люстэркі – яны называюць гэта вынікам акіслення.

«Так было і сем гадоў таму. Калі лыжкі і відэльцы яшчэ не ржавеюць, то ўсе люстэркі і вокны сталі каламутнымі. Кіслата асядае на іх. Дрэвы пад акном скінулі лісце, яны пакрыліся нечым шэрым і пачалі скручвацца», – дзеліцца Аксана Наскова.
Аўтамабілісты скардзяцца, што раніцай іх машыны пакрытыя ліпкім налётам, але асабліва пакутуюць шкло і люстэркі.
«Смярдзіць дыаксідам серы, гэта нагадвае пах гарэлай запалкі ці газеты. Часам бывае і саладкавы пах, гэта серная кіслата», – піша ў сацсетцы Алена Варавенка.
Мясцовы актывіст, прыхільнік акупацыі Крыма РФ, пенсіянер Віктар Мохаў, які яшчэ гадоў дванаццаць таму працаваў на заводзе «Тытан», патрабуе, каб запаволілі вытворчасць. У такім выпадку стане менш кіслотных сцёкаў. А лепш, на ягоную думку, і зусім прыпыніць вытворчасць.

Няма вады і перасыхаюць рэкі
Сёлета ў акупаваным Крыме зноў пачалася засуха. Эколагі кажуць, што яе пік прыпадзе на 2027 год. То-бок сітуацыя будзе толькі пагаршацца.
Праз нястачу ападкаў, высокую тэмпературу паветра на паўвостраве ўжо перасыхаюць рэкі, якія давалі жыхарам магчымасць паліваць агароды і палі.
Калі да акупацыі паўвострава сюды па Паўночна-Крымскім канале паступала дняпроўская вада, то пасля падрыву расейскімі вайскоўцамі Кахоўскай ГЭС і знішчэння вадасховішча гэта спынілася.

Уласных крыніцаў вады паўвостраву не стае. Таму што цяпер тут размешчаная велізарная колькасць расейскіх вайсковых базаў, для якіх патрабуецца вялікая колькасць прэснай вады. Яны ўвесь час свідруюць свідравіны і здабываюць падземныя воды. Гэта таксама прыводзіць да змяншэння падземных крыніцаў і да засалення.
Акрамя таго, акупанты імкнуцца замясціць мясцовае насельніцтва сваімі грамадзянамі. Для гэтага на паўвостраў ужо пераехала блізу мільёна расейцаў. Таксама тут жыве вялікая колькасць расейскіх вайскоўцаў і іх сем'яў. На такую колькасць жыхароў вады на паўвостраве не выстачыць.
У ліпені часткова перасохла самая доўгая крымская рака Салгір. Таксама знікае Майнакскае возера ў Еўпаторыі. Гэта адно з улюбёных месцаў адпачынку і аздараўлення турыстаў. Да 2014 года тысячы курортнікаў выкарыстоўвалі лекавыя гразі гэтага вадаёма для лекавання апорна-рухальнага апарату, скуры, наступстваў траўмаў і раненняў.

Перасыхаюць і крымскія вадасховішчы, цяпер аб'ём вады ў іх складае палову таго, што было гадоў дзесяць таму. Праблемы з вадой назіраюцца нават на Паўднёвым беразе Крыма – Ялце, Алушце. Напрыклад, у некаторых раёнах Алушты ваду развозяць на вадавозках па дварах. Няма вады і ў Бахчысараі.
Расейскія ўлады не падтрымліваюць ніякіх буйных праектаў напаўнення Крыма вадой. Хіба што абяцаюць грошы на будаўніцтва новага вадасховішча ў 2028 годзе. Верагодна, спадзяюцца, што ім удасца ваенным шляхам неяк развязаць гэтую праблему.