«З беларускай эканомікай могуць здарыцца падзеі апакаліптычнага маштабу»
13- 9.08.2025, 12:56
- 11,064
Нацбанку давялося спецыяльна тлумачыць «дзіўны феномен».
Нацбанк 6 жніўня пахваліўся, што яго золатавалютныя рэзервы за ліпень выраслі на 400 млн даляраў. З пачатку года яны павялічыліся на 3 млрд. Цяпер у рэзервах у Нацбанка 12 млрд даляраў і такіх рэзерваў у яго ўвогуле не было за ўсю беларускую гісторыю. Дзіўны феномен у тым, што гэта адбываецца на фоне рэзкага пагаршэння гандлёвага балансу.
Адкуль у Нацбанка грошы і навошта ўлады напампоўваюць ЗВР – у новым выпуску праграмы «Оптымум» на Ютуб-канале «Беларусы і рынак».
Раптоўны рост рэзерваў пачаўся з сакавіка гэтага года, калі яны адразу павялічыліся на 660 млн даляраў. Потым рэзервы раслі крыху больш сціплымі тэмпамі, але ўсё роўна значна хутчэй, чым раней.
І гэта дзіўны феномен. Бо рост рэзерваў адбываецца на фоне пагаршэння стану беларускага гандлю. Гандлёвы дэфіцыт, калі лічыць тавары і паслугі за пяць месяцаў, быў 800 млн даляраў. Гэта значыць, мы выдаткоўваем больш, чым зарабляем.
Новых крэдытаў ніхто не дае. Дэфіцыт у ліку актуальных аперацый толькі за першы квартал быў 2 млрд даляраў. І вось пытанне, адкуль у беларускага Нацбанка такія грошы?
То-бок калі б рэзервы раслі ў 2023-м годзе, скажам, гэта яшчэ можна было б неяк зразумець. Тады са знешнім гандлем усё было добра. Але за ўвесь 2023 рэзервы выраслі на 200 млн. Гэта значыць у пятнаццаць разоў менш, чым за сем месяцаў гэтага года. За 2024 год, калі ў нас зноў жа быў станоўчы гандлёвы баланс большую частку года, рэзервы выраслі на 800 млн даляраў.
А цяпер яны кожны месяц растуць хутчэй, чым раней атрымлівалася вырасці за цэлы год. І гэта настолькі дзіўна, што нават беларускаму Нацбанку давялося спецыяльна тлумачыць гэты цудоўны феномен.
«Абраная палітыка кіравання золатавалютнымі рэзервамі прынесла нам вельмі нядрэнны прыбытак за кошт таго, што значную частку сваіх актываў мы трымалі ў манетарным золаце і іншых высокаліквідных актывах. Адпаведна рост кошту золата на сусветным рынку вельмі актыўна згуляў на ўмацаванні нашых рэзерваў», – гаварыў у канцы траўня кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка.
І гэта можа падацца нават лагічным. Золата ў беларускіх ЗВР шмат, золата ў свеце даражэе. І насамрэч у 2023-м і 2024-м годзе беларускія ЗВР раслі менавіта з гэтай прычыны. Але не цяпер.
У ліпені золата ў рэзервах падаражэла на 19 млн даляраў, а валюты ў іх дадалося на 390 млн. Гэта значыць Нацбанк не проста так маніць. Нацбанк маніць, каб пераменшыць свае дасягненні. А гэта ўжо само сабой выбітны феномен. Маглі б расказаць пра выдатную беларускую эканоміку, дзякуючы якой беларускія рэзервы так выдатна раслі. А яны замест гэтага гавораць: мы тут ні пры чым, поспехі ні пры чым, проста пашанцавала. Золата падаражэла.
Хоць падаражэннем золата можна растлумачыць менш, чым палову прыросту рэзерваў. А ўсё астатняе – гэта набыццё валюты.
У ліпені, паводле звестак Нацбанка, прапанова валюты перавысіла попыт на 492 млн даляраў. Паводле вынікаў сямі месяцаў перавышэнне склала 800 млн.
Беларускія прадпрыемствы стабільнасці валютнага рынку не спрыялі. Што ўвогуле не з'яўляецца сюрпрызам, беручы да ўвагі, як ідуць справы з беларускім экспартам. За сем месяцаў попыт прадпрыемстваў на валюту перавысіў прапанову на 1,2 млрд даляраў.
Затое прапанова валюты насельніцтвам за сем месяцаў была на 850 млн даляраў вышэйшай за попыт. І тут рэч не толькі ў тым, што людзі мяняюць свае запасы валюты на рублі. Важны чыннік – гэта пераводы ў той ці іншай форме грошай у Беларусь беларускімі мігрантамі. Бо 600 тысячаў чалавек, якія з'ехалі, падтрымліваюць сем'і і сваякоў грашыма. Прычым паколькі праз санкцыі ёсць цяжкасці з банкаўскімі пераводамі, то грошы часта перадаюць проста гатоўкай. І вось гэтая плынь грошай ад мігрантаў – істотны чыннік падтрымкі беларускага рубля.
А другой крыніцай валюты былі кампаніі-нерэзідэнты Беларусі. З іх боку прапанова валюты за сем месяцаў перавысіла попыт на 900 млн. Адсюль станоўчы баланс на ўнутраным валютным рынку.
Але ні падаражэнне золата, ні вось гэты станоўчы баланс на ўнутраным валютным рынку не тлумачаць такога маштабу росту рэзерваў Нацбанка. І таму складваецца такое ўражанне, што беларускія ўлады запампоўваюць у рэзервы Нацбанка ўсе лішнія грошы. Усё, што было нажыта непасільнай працай.
І гэта мае сэнс, толькі калі ты чакаеш, што з беларускай эканомікай у вельмі агляднай будучыні могуць здарыцца раптоўныя непрыемнасці апакаліптычнага маштабу. Калі эканамічную стабільнасьць трэба будзе тэрмінова ратаваць. Нешта падобнае было ў 2021-м годзе, калі беларускія ўлады таксама адкладалі грошы на чорны дзень. І мы цяпер ведаем дакладную дату, калі гэты чорны дзень здарыўся.