На найбуйнейшым у Расеі прадпрыемстве ў вытворчасці харчовай соды адбыўся выбух
10- 9.08.2025, 13:18
- 6,074
У лякарні дастаўленыя 25 чалавек.
У расейскім Сцерлітамаку адбыўся выбух газу на вытворчай пляцоўцы АТ «Башкірская содавая кампанія» (комплекс «Каўстык»). Пра гэта паведамляюць рэгіянальная ўправа МНС і ўлады рэспублікі. Паводле звестак МНС, загарання не адбылося, але ў ліквідацыі наступстваў былі задзейнічаныя 42 чалавекі і 15 адзінак тэхнікі, піша The Moscow Times.
Міністр аховы здароўя Башкірыі Айрат Рахматулін паведаміў, што ў лякарні дастаўленыя 25 пацярпелых. «На месцы працуюць 19 брыгадаў хуткай дапамогі. З Уфы санавіацыяй аператыўна выехалі брыгады лекараў. У іх складзе рэаніматолагі, камбустыёлагі і афтальмолаг», – напісаў ён у Telegram. Усяго, паводле звестак СКР, пацярпелі не менш за 36 чалавек. Пра загінулых да цяперашняга моманту інфармацыі не паступала.
Кампанія БСК растлумачыла РБК, што аварыя адбылася пры падрыхтоўцы да планавага капітальнага рамонту: па зварным шве разгерметызаваўся тэхналагічны трубаправод пірагазу на комплексе ВХ-ПВХ (вінілхларыд – полівінілхларыд). Пашкоджаны адрэзак быў аснашчаны сістэмай аўтаматычнага адсячэння, што дало магчымасць аператыўна лакалізаваць выцечку. Праца комплексу ВХ-ПВХ часова прыпыненая.
Пракуратура Рэспублікі Башкартастан узяла на кантроль высвятленне абставінаў здарэння. Рэгіянальная ўправа Следчага камітэта пачала даследчую праверку. «У цяперашні час праводзіцца агляд месца здарэння, апытваюцца відавочцы, у ходзе праверкі будуць вызначаныя ўсе прычыны і ўмовы, якія спрыялі таму, што адбылося», – піша СК у сваім тэлеграм-канале.
АТ «Башкірская содавая кампанія»– адзін з найбуйнейшых у Расеі вытворцаў кальцынаванай і харчовай соды, а таксама прыкметны гулец у вытворчасці ПВХ, каўстычнай соды і салянай кіслаты. Прадпрыемства ўваходзіць у групу кампаній АТ «Расхім».