9 снежня 2025, aўторак, 23:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Яны заходзяць углыб, вытоптваюць цэлыя дзялянкі»

10
«Яны заходзяць углыб, вытоптваюць цэлыя дзялянкі»

На Магілёўшчыне паказалі, што стала з полем пасля аматараў зрабіць сэлфі ў сланечніках.

Пасевы сланечніку пад Магілёвам, якія належаць птушкафабрыцы «Раманавічы», нішчаць ахвочыя зрабіць прыгожае фота, распавяла раённай газеце «Прыдняпроўская ніва» спецыялістка дэпартамента раслінаводства прадпрыемства Ангеліна Дзямідава.

Праз некалькі дзён выданне mogilev.online з'ездзіла на месца і паказала, што пакідаюць пасля сябе аматары сэлфі на палетках.

«Так, нашы палі са збожжавымі, рапсам, сланечнікам на камбікорм - яны ўзрушаюча прыгожыя! Але гэта – не карцінка! Гэта - культурныя сельгасугоддзі, наша рабочая фабрыка вытворчасці сыравіны для кармоў. Разумееце? Мы не фотастудыя і не парк забаў! Кожны раз, калі мы бачым сляды ўварвання - гэта ўдар па нашай працы, па планах, па прадбяспецы рэгіёну. Людзі заходзяць, топчуць, нішчаць…Мы ўжо не проста абмяркоўваем, мы вымушаныя дзейнічаць – узмоцнім кантроль, і парушальнікі панясуць адказнасць. Гэта не пагроза, гэта канстатацыя факту», - заявіла Дзямідава.

Са слоў Дзямідавай, гаворка не проста пра некалькі зламаных сцёблаў - людзі «заходзяць углыб, вытоптваюць цэлыя дзялянкі, нішчаць расліны», ірвуць кветкі і збіраюць букеты.

«Мы вымушаныя дзейнічаць больш жорстка. Узмацняем патруляванне палёў, вядзём фота- і відэафіксацыю ўсіх парушэнняў. Сабраныя матэрыялы перадаюцца ў праваахоўныя органы для прыцягнення вінаватых да строгай адказнасці - адміністрацыйнай або нават крымінальнай - за прычыненне матэрыяльнай шкоды і парушэнне заканадаўства. Будзем дзейнічаць», - паведамляла Дзямідава ў публікацыі 4 жніўня.

Праз тры дні на полі са сланечнікамі быў сапраўдны аншлаг, расказала выданне «МогилевОнлайн». Людзі, якія прысутнічалі там, параілі прайсці далей уздоўж дарогі, дзе «наогул вытаптана ўсё».

У выданні адзначылі, што карціна сапраўды сумная: шмат пашкоджаных раслін, адарваныя галоўкі сланечнікаў, сцёблы на зямлі ўсё яшчэ жывых раслін, на якія груба наступілі.

На абочыне побач з полем устаноўленая таблічка з папярэджаннем аб відэаназіранні, а таксама знак забароны на перамяшчэнне па полі. Аднак людзей са смартфонамі і фотаапаратамі гэта не спыняе.

«Калі б народ прыязджаў сюды і акуратна фатаграфаваўся, не было б забарон. Поле вельмі прыгожае, вядома, шмат каму хочацца мець у сацсетках эфектны здымак. А вось праз такіх несумленных, якія як танкі пруць па раслінах, і нармальных людзей штрафаваць пачнуць», - сказала адна з тых, хто прыехаў па цікавыя кадры.

Адказнасць за псаванне ўраджаю на палетках прадугледжаная артыкулам 11.3 КоАП - наўмыснае знішчэнне чужой маёмасці, якое пацягнула прычыненне шкоды ў нязначнай суме. За гэта - штраф да 30 базавых адзінак (да 1 260 рублёў).

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках