У РФ кіраўнік банды міліцыянтаў, які атрымаў 16 гадоў за 11 забойстваў, папрасіўся на вайну
15- 11.09.2025, 1:09
- 11,264
Падрабязнасці.
Чыгуначны раённы суд Екацярынбурга прысудзіў да 9 гадоў і 10 месяцаў пазбаўлення волі былога начальніка аддзялення па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў Кіраўскага РУВД Екацярынбурга Уладзіслава Сабаля. Слядства ўстанавіла, што ён быў лідарам банды міліцыянтаў, на рахунку якой 11 даказаных забойстваў і ўзброеныя напады. АЗГ дзейнічала ў канцы 1990-х — на пачатку нулявых, у яе ўваходзілі пяць чалавек, у тым ліку дзейныя супрацоўнікі МУС, перадае The Moscow Times.
Суд прызнаў Сабаля вінаватым у забойстве двух або больш асоб па найме, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю і ў спалучэнні з рабункам і бандытызмам (пункты «а», «д», «ж», «з», «к» часткі 2 артыкула 105 КК). У 2006 годзе былы міліцыянт ужо быў асуджаны на 15 гадоў за арганізацыю гандлю гераінам разам з саслужыўцамі, але выйшаў умоўна-датэрмінова, адсядзеўшы 5 гадоў. З улікам гэтых абставін Сабалю прызначылі 16 гадоў калоніі строгага рэжыму. Таксама яго абавязалі выплаціць 4,5 млн рублёў штрафу на карысць пацярпелых. Сярод ахвяр — дырэктар юрыдычнай канторы «Інтэркантракт» Віктар Іванаў, прадпрымальнікі, наркагандляры, выпадковыя сведкі і бяздомныя. Пры вынясенні прысуду 63‑гадовы Сабаль заявіў, што шкадуе аб здзейсненым, прынёс «найглыбейшыя выбачэнні» пацярпелым і папрасіў накіраваць яго на вайну з Украінай, адзначыўшы, што ён «дастаткова здаровы для праходжання службы» ў зоне баявых дзеянняў.
У 1999 годзе ўдзельнікі банды Сабаля жорстка забілі і закапалі ў лесе двух людзей, у якіх спрабавалі атрымаць інфармацыю пра збытчыка наркотыкаў. У красавіку 2000 года міліцыянты запатрабавалі ў мужчыны перадаць ім наркотыкі, але, атрымаўшы адмову, забілі яго разам з маці і сужыцелькай. У чэрвені 2000 года чальцы банды расстралялі чалавека, які ведаў пра іх дзейнасць, і дзвюх выпадковых сведак. Восенню 2000 года яны забілі мужчыну за ўзнагароду ў 1 тысячу долараў, а таксама расправіліся з мужчынам і жанчынай і скралі ў іх 250 тысяч рублёў.
На лаву падсудных таксама трапілі былыя калегі Сабаля — Канстанцін Коцік, Алег Гірфанаў, Антон Баравік і Уладзімір Сяменюк. Апошняга 4 верасня прысудзілі да 9 гадоў пазбаўлення волі. Што да астатніх, працэсы працягваюцца.