Што будзе з беларусамі, «застряглі» на беларуска-польскай мяжы
- 11.09.2025, 19:47
- 18,862
Адказ ДПК.
Польшча цалкам закрые мяжу з Беларуссю уначы 12 верасня. Пра тое, што будзе з тымі, хто паспее прайсці беларускі кантроль, але не польскі, расказаў Tochka.by прадстаўнік ДПК Антон Бычкоўскі.
Беларускія памежнікі будуць да апошняга прапускаць машыны і аўтобусы ў бок Польшчы. Тым больш што чарга на гэтым напрамку рэзка вырасла. Аднак, паводле слоў Бычкоўскага, шмат што залежыць і ад сумежнага боку.
«Прапускная здольнасць для легкавых аўтамабіляў зніжана фактычна да 50%, прапускная здольнасць адносна рэгулярных аўтобусаў складае прыкладна 2 аўтобусы на гадзіну», – расказаў ён пра тэмпы працы палякаў.
У любым выпадку, заявіў Бычкоўскі, сітуацыі, калі хтосьці застанецца паміж дзвюма краінамі, не адбудзецца, бо нейтральнай тэрыторыі як такой не існуе.
«Асобы, якія прайшлі афармленне, знаходзяцца паблізу дзяржаўнай мяжы перад шлагбаўмам і лічацца такімі, што выехалі», – адзначыў прадстаўнік ДПК.
Аднак, калі сумежны бок не будзе пускаць на сваю тэрыторыю, людзі змогуць вярнуцца ў Беларусь. Пры гэтым ім трэба будзе прайсці памежны і ўсе віды кантролю на ўезд, якія звычайна прадугледжваюцца для тых, хто ўязджае.
Бычкоўскі запэўніў: беларуская памежная служба гатовая да павелічэння патокаў на іншых пунктах пропуску пасля закрыцця мяжы з Польшчай.
«Да павелічэння чэргаў мы гатовыя, але ўсё будзе залежаць ад эфекту бутэлькавага гарлышка, які цяпер назіраецца ў сувязі з тым, як працуе сумежны бок», – заявілі ў ДПК.