Ірына Слаўнікава: Спадзяюся, мы разам дастанем усіх палітвязняў з беларускіх турмаў
4- 12.09.2025, 4:04
- 4,868
Былая палітвязніца-журналістка дала першы каментар на волі.
Удзень 11 верасня вызвалілі і дэпартавалі з Беларусі 52 палітвязняў. Адзін з іх — Мікалай Статкевіч — адмовіўся пакідаць Беларусь. Астатнія прыбываюць у Вільнюс.
Сярод вызваленых была і журналістка Ірына Слаўнікава, якая працяглы час працавала на «Белсаце», пасля перайшла на Польскае тэлебачанне — TVP.
Ірына Слаўнікава распавяла, што са здароўем у яе, на шчасце, усё нармальна: не сапсавалася за гады зняволення.
«Я адчуваю сябе вельмі добра, вельмі ўсім удзячная за тое, што столькі людзей сёння выйшла на волю. Гэта насамрэч такі добры дзень, вызвалілі вельмі важных людзей», — распавяла яна.
«Спадзяюся, што гэты працэс не скончыцца. І мы разам дастанем усіх палітвязняў з беларускіх турмаў».
На пытанне, ці не хацела б яна застацца ў Беларусі, Слаўнікава адказала: «Так». Але выбару не было: яе проста прывезлі ў Літву. Вызваленне было адначасова і чаканым, і не, кажа яна: «У турме ты ўвесь час чакаеш, спадзяешся — і нарэшце гэта адбылося».
Ірыну Слаўнікавую затрымалі ў канцы кастрычніка 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце пасля вяртання ў Мінск з адпачынку ў Егіпце разам з мужам Аляксандрам.
Спачатку сужэнцаў абвінавачвалі ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў», асудзілі на 15 сутак арышту, потым яшчэ на 15. Затым Аляксандра асудзілі яшчэ на 15 сутак, па заканчэнні якіх вызвалілі, ён пакінуў Беларусь. У эміграцыі ён стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі родных і былых палітвязняў.
Супраць Ірыны ж распачалі крымінальную справу. Праз 9 месяцаў суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Доля прысудзіў Ірыне 5 гадоў зняволення, прызнаўшы яе вінаватай у «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання». Суд над журналісткай праходзіў у закрытым рэжыме, Ірына віну не прызнала.