Сенатары ЗША рыхтуюць законапраект аб прызнанні Лукашэнкі спонсарам тэрарызму
12- 12.09.2025, 8:58
- 11,838
Расія таксама будзе ў гэтым спісе.
У Сенаце ЗША рыхтуюць законапраект, якім Расія і рэжым у Беларусі будуць абвешчаныя спонсарамі тэрарызму з-за выкрадання ўкраінскіх дзяцей.
Пра гэта паведамляе Axios.
Як адзначаецца, сенатары Ліндсі Грэм (рэспубліканец), Рычард Блюменталь (дэмакрат), Эмі Клобушар (дэмакрат) і Кэці Бріт (рэспубліканец) у чацвер прадставілі новы законапраект, які створыць дадатковы ціск на Расію.
Ён абвесціць Расію і Беларусь дзяржаўнымі спонсарамі тэрарызму, калі яны не вернуць больш за 19 тыс. дзяцей, якія, паводле дадзеных Украіны, былі выкрадзеныя падчас вайны.
Таксама паведамляецца, што цяпер Куба, Іран, Паўночная Карэя і Сірыя прызнаныя дзяржавамі-спонсарамі тэрарызму паводле амерыканскага заканадаўства.
Грэм заявіў, што «Расія заслужыла права быць у гэтым спісе».
«Мы папросім лідараў абедзвюх партый даць нам магчымасць абмеркаваць гэтае пытанне і прагаласаваць, і мы хочам пачаць проста цяпер», — адзначыў Грэм.
Акрамя таго, Грэм працягвае працаваць над тым, каб Белы дом падтрымаў яго асобны двухпартыйны законапраект аб санкцыях супраць Расіі, які мае больш за 80 сааўтараў.
Законапраект прадугледжвае ўвядзенне эканамічных санкцый супраць Расіі, калі расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін адмовіцца ад перамоваў з Украінай, а таксама ўстанаўленне 500% мыта на тавары, імпартаваныя з краін, якія купляюць расійскую нафту.
У чацвер Грэм сказаў журналістам, што ў яго адбылася «вельмі добрая размова» з Белым домам.
Грэм сказаў, што плануе ў чацвер пагаварыць з лідэрам большасці Джонам Т’юнам (Рэспубліканская партыя) пра вынясенне законапраекта на галасаванне: «Мы паспрабуем стварыць яшчэ адзін фронт супраць пуцінскай Расіі».