«Заклікаю: не спыняйцеся, там сядзяць людзі, іх трэба выратаваць»
2- 12.09.2025, 21:10
- 14,930
Мікалай Дзядок распавёў, што насамрэч адбываецца ў беларускіх турмах.
Вызваленыя беларускія палітвязні праводзяць першую прэс-канферэнцыю ў Вільнюсе.
Актывіст анархічнага руху і блогер Мікалай Дзядок выказаў удзячнасць за ўвагу да беларускіх палітвязняў:
- Хачу падзякаваць маім сябрам і паплечнікам па анархічным руху, а таксама краінам Еўразвяза, асабліва Літве і Польшчы.
Вялікі дзякуй таксама Доналду Трампу, які, нягледзячы на аддаленасць сваёй краіны, памятае пра палітвязняў у Беларусі. Свет проста не ўяўляе маштабаў катаванняў і здзекаў над людзьмі ў Беларусі. Калі б я пачаў пра гэта распавядаць, не хапіла б трох канферэнцый.
Я правёў год у штрафным ізалятары, і на маіх вачах дарослыя здаровыя мужыкі літаральна сыходзілі з розуму. Яны проста сярод ночы пачыналі выць і зваць сваю маму. Катаванні — гэта не толькі фізічныя пабоі. Людзей у турмах Беларусі вытанчана даводзяць да знішчэння.
Я заклікаю свет, нягледзячы на вайну ва Украіне, звярнуць на гэта ўвагу. Гэтыя гады ўвойдуць у гісторыю як новыя трыццаць сёмыя. Заклікаю: не спыняйцеся, там сядзяць людзі, іх трэба выратаваць!
Сайт Charter97.org вядзе тэкставую анлайн-трансляцыю канферэнцыі.
Нагадаем, што Дзядок быў затрыманы ў лістападзе 2020 года, затым прысуджаны да 5 гадоў калоніі, дзе супраць яго адкрывалі новую крымінальную справу за «непадпарадкаванне» адміністрацыі, з калоніі пераведзены ў турму.