Штогод Сібір губляе 300 тысяч жыхароў
19- 12.09.2025, 15:34
- 7,628
МУС Расіі загадалі стабілізаваць колькасць насельніцтва Сібіры.
Расійскія ўлады вырашылі змагацца з дэпапуляцыяй Сібіры: МУС, Мінпрацы і Мінздароўю даручана стабілізаваць колькасць насельніцтва Сібірскай федэральнай акругі. Гэта вынікае са скарэкціраванай стратэгіі развіцця рэгіёна да 2035 года. У дакуменце адзначаецца, што праца пачнецца ў 2025 годзе, а яе вынікамі павінны стаць зніжэнне смяротнасці і актыўнае перасяленне ў рэгіён суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. Таксама плануецца прыняць меры, каб збалансаваць рэгіянальны рынак працы. У прыватнасці, адказныя ведамствы павінны вырашыць праблему дэфіцыту кадраў, у тым ліку ў сацыяльных установах, піша The Moscow Times.
З 1991 года насельніцтва Сібіры скарацілася на 12%, як раней падлічвалі ў «Інстытуце ВЭБа». Больш жыхароў страціў толькі Далёкі Усход. Па стане на пачатак 2025 года ў Сібірскай федэральнай акрузе пражывалі 16,482 млн чалавек, або 11,29% ад насельніцтва Расіі. Штогод з Сібіры з’язджаюць каля 287 тыс. эканамічна актыўных жыхароў. Гэты адток ускладняецца наступствамі дэмаграфічнай ямы 1990-х гадоў. У выніку скарачэнне насельніцтва ва ўзросце ад 25 да 44 гадоў да 2030 года можа дасягнуць 20%, падлічвалі аналітыкі FinExpertiza на падставе дадзеных Расстата. Пры гэтым ужо сёння частка жыхароў Сібіры ў найбольш эканамічна актыўным узросце знаходзіцца на гістарычным мінімуме.
Раней член Савета па правах чалавека пры прэзідэнце Сяргей Караганаў заявіў, што «трохсотгадовае еўрапейскае падарожжа Расіі завершылася». Ён заклікаў вярнуцца да «вытокаў» Расіі, якія знаходзяцца ў Сібіры. Пры гэтым Караганаў прапанаваў накіраваць будаваць «новую сібірскую Расію» ўдзельнікаў вайны супраць Украіны. «Байцы, якія будуць вяртацца з вайны… павінны не толькі папоўніць кіраўніцкі клас, але і атрымаць перспектыўную высокакваліфікаваную і высокааплатную працу, будуючы новую інфраструктуру Сібіры. Многія з іх застануцца там, стануць сібіракамі, як гэта было пры будаўніцтве Транссібу і БАМу», — адзначыў член Савета па правах чалавека пры прэзідэнце.
Караганаў дадаў, што ўжо вядзе працу над праектам «Усходні паварот 2.0, або Сібірызацыя Расіі» разам з групай навукоўцаў, бізнесменаў і грамадскіх дзеячаў. Паводле яго слоў, асаблівая ўвага надаецца развіццю транспартных калідораў «Поўнач — Поўдзень», якія павінны злучыць Расію праз Сібір з краінамі Азіі.