Месцазнаходжанне Мікалая Статкевіча да гэтага часу невядома
27- 12.09.2025, 18:49
- 14,946
Лідэра беларускай апазіцыі няма ў яго доме ў Мінску.
Лідэра беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча няма дома ў Мінску, і яго месцазнаходжанне да гэтага часу невядома, паведаміў у Facebook былы палітвязень Сяргей Марцелеў са спасылкай на размову з жонкай Статкевіча Марынай Адамовіч.
«Па словах жонкі палітвязня Марыны Адамовіч, Статкевіча няма дома, і ёй невядома яго месцазнаходжанне. У мяне тлела надзея, што ўлады дадуць яму магчымасць жыць на волі, у Мінску, хай і пад паліцэйскім наглядам. Пакуль абставіны ўказваюць на тое, што Мікалай Віктаравіч зноў арыштаваны.
Хоць фармальна «закрыць» яго няма за што — 52 вязні былі памілаваныя Лукашэнкам. Наколькі мне вядома, працэдура памілавання не прадугледжвае зваротнага працэсуальнага дзеяння», — напісаў Марцелеў.
Ён адзначыў, што Статкевіч «заўсёды ўмеў ламаць шаблоны сцэнароў уладаў». Яму гэта сітуацыя нагадвае прэвентыўны арышт палітыка напярэдадні «Маршу недармаедаў» у 2017 годзе, калі Статкевіча без тлумачэння прычын трое сутак трымалі ў СІЗА КДБ, а прапаганда сцвярджала, што ён «дзесьці адсіджваецца».
Партыя «Народная грамада» заклікала прыняць неадкладныя меры па ўстанаўленні месцазнаходжання палітыка.
Нагадаем, 11 верасня рэжым Лукашэнкі вызваліў і выдворыў з краіны 52 зняволеных. Мікалай Статкевіч стаў адзіным з гэтай групы, хто не перасёк мяжу Беларусі і Літвы. Некаторы час палітыка можна было бачыць на здымках з камер на мяжы, пасля яго ў невядомым кірунку вывезлі людзі ў масках. На дадзены момант невядома, дзе менавіта знаходзіцца Статкевіч, які яго прававы статус і што з ім будзе далей.