На гільзах забойцы Чарлі Кірка знайшлі цытату з песні «Bella Ciao»
33- 12.09.2025, 21:01
- 8,924
Гільзы знайшлі разам з вінтоўкай Mauser 98.
Губернатар штата Юта Спенсер Кокс пералічыў надпісы, выгравіраваныя на гільзах ад зброі, з якой застрэлілі кансерватыўнага актывіста і прыхільніка прэзідэнта ЗША Чарлі Кірка. Яго словы перадае NBC News.
Паводле слоў Кокса, на адной з гільзаў крыміналісты знайшлі назву італьянскай народнай песні «Bella Ciao», іншы надпіс гаварыў: «Гэй, фашысты! Лавіце!», са стрэлкай ўгару, стрэлкай управа і трыма стрэлкамі ўніз. На трэцяй гільзе быў надпіс «Калі вы гэта чытаеце, вы гей LMAO».
Губернатар дадаў, што гільзы былі знойдзеныя разам з вінтоўкай Mauser 98 з усталяваным зверху аптычным прыцэлам у лясістай мясцовасці недалёка ад універсітэцкага кампуса.
У пятніцу, 12 верасня, падазраванага ў забойстве амерыканца Кірка затрымалі. Як паведамляюць New York Post і NBC, ім аказаўся 22-гадовы жыхар Юты Тайлер Робінсан.
Трамп раней таксама паведаміў пра затрыманне меркаванага забойцы, але не назваў яго імя. Прэзідэнт адзначыў, што «кахаў і паважаў» Кірка і паабяцаў пасмяротна ўзнагародзіць яго адной з найвышэйшых узнагарод у ЗША для грамадзянскіх асоб — Прэзідэнцкім медалём Свабоды.
Кірк атрымаў агнястрэльнае раненне ў шыю падчас выступу. Яго шпіталізавалі ў крытычным стане, але выратаваць палітыка не ўдалося.
Палітыку было 31 год, у яго засталіся жонка і двое дзяцей.