Украінскі снайпер «Камісар» расказаў, як з яго вінтоўкі правялі ліквідацыю цесця Гіркіна
- 12.09.2025, 21:15
- 6,358
Сяргей Сіталенко быў ліквідаваны ў 2022 годзе.
Украінскі снайпер-вайсковец з пазывным «Камісар» іх 25-й асобнай паветрана-дэсантнай Січаслаўскай брыгады расказаў, што менавіта з яго вінтоўкі быў ліквідаваны ў 2022 годзе Сяргей Сіталенко — цесць тэрарыста Ігара Гіркіна (Стралкова).
Пра гэта 12 верасня паведамляе «Суспільне.Дніпро»
«Адзін з самых класных момантаў. Гэта быў не я, але з маёй вінтоўкі. Ліквідавалі цесця Гіркіна», — расказаў ён.
Паводле слоў «Камісара», ён родам з Луганска і да канца 2014 года знаходзіўся ў палоне ў баевікоў. Калі яму ўдалося вызваліцца, ён далучыўся да 25-й асобнай паветрана-дэсантнай Січаслаўскай брыгады, дзе праз год пайшоў у роту снайпераў.
«У мяне ёсць сваяк, які таксама быў снайперам, гэты сваяк цяпер жыве ў Расіі. І ён быў снайперам у некаторых ваенных канфліктах, тады я думаў, што гэта крута. Ён быў прыкладам. Але ўсё гэта было да 2014 года», — адзначыў вайсковец.
«Камісар» сцвярджае, што ўвогуле кожны чалавек можа стаць снайперам — патрэбныя толькі фізічная вытрываласць і матэматычныя здольнасці на ўзроўні вучня 6-га класа.
«Астатняе з часам прыйдзе… Ваенны снайпінг (мастацтва маскіроўкі і ўменне зрабіць дакладны стрэл на вялікую адлегласць — рэд.) залежыць ад дынамікі бою. А ў гэтай дынаміцы трэба хутка вылічваць свае папраўкі да прыцэлу. Усе папраўкі да прыцэлу — гэта двухзначныя лікі аднімання і складання», — сказаў ён.
Як расказаў «Камісар», камандаванне ставіць розныя задачы перад снайперамі — напрыклад, падтрымліваць пяхоту, каб не дапусціць прарыву фронту ворагам.
«Самая ідэальная праца снайпера — гэта калі ён знаходзіцца на вольным паляванні, аглядае мясцовасць, праводзіць разведку, выбірае пазіцыю пад той ці іншы калібр… Бываюць і прамахі. Калі мы бярэм перыяд АТО, то гэта было вельмі крытычна. Фронт быў устойлівы, мэты вельмі добра ўкапаныя. (…) Знайсці сваю мэту і паразіць — гэта была вельмі цяжкая праца. І калі ты дапусціш памылку, то вялікі шанец, што праціўнік больш там не з'явіцца. Цяпер рускі Іван бяжыць як ашалелы, дзякуючы дронам. Але праз тое, што яны выкарыстоўваюць маскіроўку, іх складаней знайсці», — адзначыў ён.