Нарвегія адкрыла палігон у Польшчы для падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў
- 16.09.2025, 5:31
- 1,484
Нарвежскія інструктары праводзяць трэніроўкі з рэалістычнай сімуляцыяй бою.
На ўсходзе Польшчы завершылі будаўніцтва вялікага вучэбнага лагера Camp Jomsborg, які стварыла Нарвегія для падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў пад кіраўніцтвам сваіх інструктараў. Пра гэта паведамляе NRK.
Палігон узводзілі літаральна «з нуля» з лета, і цяпер туды ўжо прыбылі першыя групы курсантаў — гэта вайскоўцы, якія маюць рэальны баявы досвед. Праграма трэніровак прадугледжвае мадэляванне ўмоў, максімальна набліжаных да франтавых, а таксама спецыялізаваныя курсы. Першым модулем стала адпрацоўка дзеянняў у стрэсавых сітуацыях і метадаў кантролю паводзінаў на полі бою.
Адзначаецца, што супрацоўніцтва будзе двухбаковае: нарвежскія інструктары не толькі будуць перадаваць свае веды, але і пераймаць у байцоў Украіны актуальны досвед, які датычыцца новых тактык і змяненняў у характары вайны.
Колькасць вайскоўцаў у лагеры будзе вар'іравацца ў залежнасці ад таго, ці ідзе гаворка пра вузкапрофільную падрыхтоўку, ці пра базавую падрыхтоўку.