Чаму Месяц аддаляецца ад Зямлі
13- 16.09.2025, 18:30
- 6,046
Тлумачэнне фізіка.
Штогод Месяц аддаляецца ад Зямлі прыкладна на 3,8 сантыметра. Навукоўцы фіксуюць гэта з дапамогай лазераў, якія адбіваюцца ад люстэркаў, пакінутых астранаўтамі і касмічнымі апаратамі на паверхні Месяца, — піша The Conversation (пераклад — сайт Charter97.org).
Сярэдняя адлегласць паміж Зямлёй і Месяцам складае каля 385 тыс. км, але яна змяняецца ў межах 20 тыс. км у залежнасці ад арбіты. Менавіта таму адны поўні здаюцца буйнейшымі за іншыя — так званыя суперпоўні.
Галоўная прычына паступовага аддалення Месяца — прылівы. Гравітацыя Месяца выклікае ўтварэнне двух водных «выпукласцяў» на Зямлі: адна звернутая да Месяца, другая — у супрацьлеглы бок. З-за вярчэння планеты гэтыя прыліўныя хвалі крыху апярэджваюць становішча Месяца і ствараюць дадатковае прыцягненне наперадзе яго арбіты. Гэта паскарае рух Месяца і павялічвае радыус яго арбіты.
Пры гэтым Зямля паступова запавольвае сваё вярчэнне, перадаючы частку вуглавога моманту Месяцу. У выніку працягласць сутак павольна павялічваецца — дзесяткі мільёнаў гадоў таму яны былі карацейшыя. Напрыклад, 70 млн гадоў таму дзень даўжыўся ўсяго 23,5 гадзіны.
Аднак цяперашнія змены настолькі малыя, што для нас яны незаўважныя: павелічэнне адлегласці на 3,8 см за год складае толькі 0,00000001% ад агульнай адлегласці.
У далёкай будучыні працэс спыніцца. Сонца стане ярчэй, акіяны выпарацца, і прыліўнае ўзаемадзеянне знікне. А праз некалькі мільярдаў гадоў, ператвараючыся ў чырвонага гіганта, Сонца, хутчэй за ўсё, знішчыць і Зямлю, і Месяц.
А пакуль мы можам насалоджвацца прылівамі, зацьменнямі і прыгажосцю спадарожніка на начным небе.