Журналістка распавяла, пра што размаўляла з Мікалаем Статкевічам на мяжы
8- 17.09.2025, 12:19
- 15,244
Лідар апазіцыі катэгарычна адмовіўся пакідаць Беларусь.
Ужо некалькі дзён няма дакладнай інфармацыі пра тое, дзе знаходзіцца лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч. 11 верасня ён быў у ліку 52 зняволеных, якіх Аляксандр Лукашэнка памілаваў, але адмовіўся пакідаць Беларусь. Экс-рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб распавяла «Нямецкай хвалі», што некалькі хвілін размаўляла са Статкевічам, калі той знаходзіўся на памежным пераходзе.
У той дзень журналістцы Аксане Колб удалося дазваніцца да Мікалая Статкевіча, калі ён знаходзіўся на беларуска-літоўскай мяжы, каб угаварыць яго з'ехаць у Літву дзеля жонкі, Марыны Адамовіч.
«Я спрабавала яго ўгаварыць. За некаторыя рэчы мне цяпер сорамна, бо, думаю, я прычыняла яму боль, калі спрабавала ціснуць на тое, што адчувае Марына», — распавядае Аксана Колб.
«Ён і сам гэта ведаў, я разумею, як балюча яму было гэта слухаць, ён разумеў. Мы размаўлялі каля дзевяці хвілін».
Паводле слоў Аксаны Колб, палітык распавёў, што ў зняволенні ён перанёс інфаркт, але яго голас гучаў як звычайна. Я не пачула ніякіх зменаў, я бачыла па камеры, як ён схуднеў, як згорбіўся. Па голасе — зусім нічога. Ён такі ж рашучы, казаў, што калі я цяпер паддамся, калі прыму іх умовы, то ўсё маё жыццё пакаціцца пад адхон.
«Сапраўды, ён усё жыццё змагаўся з рэжымам, ён хацеў лепшага для краіны, і сапраўды сысці з апошняй прыступкі, калі заставалася няшмат, для яго непрымальна», — кажа журналістка.
Аксана Колб кажа, што Статкевіч разумеў, што калі ён вернецца ў Беларусь, то зноў апынецца ў турме.
«І напрыканцы ён сказаў: «Хопіць мяне шантажаваць, у мяне і так мала часу, я хачу падыхаць гэтым паветрам, палюбавацца гэтымі дрэвамі»».