«Машыны паламаліся, ці працаваць няма каму?»
3- 17.09.2025, 14:51
- 12,096
Беларусы задалі вострыя пытанні галоўнаму лукашысцу Рагачова.
Жыхарка Рагачова апублікавала адкрыты зварот да старшыні райвыканкама з нагоды перапоўненых смеццевых кантэйнераў. Высветлілася, што сітуацыя актуальная і для іншых раёнаў горада, піша «Флагшток».
«Апошнія дзве тыдні суцэльны бардак. Тэлефанавала ў 115, адказ: машына на лініі. На якой лініі — невядома. Усё смецце ветрам разносіць па прыватным сектары», — распавяла жанчына і паказала заваленыя смеццем кантэйнеры.

Потым яна выклала новае відэа са словамі:
«У нас у Рагачове новы старшыня райвыканкама [з ліпеня 2025 года — «Флагшток»]. Паважаны Атрошэнка Аляксандр Георгіевіч, скажыце, калі ласка, у камунгасе машыны паламаліся ці працаваць няма каму? Хутчэй за ўсё, проста працаваць не хочуць. Навядзіце, калі ласка, парадак. І, мяркуючы па каментарыях, такая праблема ва ўсіх раёнах. Раней такога не назіралася».
Карыстальніцу падтрымалі ў каментарыях, і ў адным з іх адзначылі:
«Нядаўна спыталі ў работніка ЖКГ. Сказалі, што машыны зламаныя. На рамонт грошай няма. Работнікі ўручную загружалі гэтыя бакі».
У іншых каментарыях заяўлялі:
«На Якуба Коласа таксама так!», «На Дзевятках паўсюль, напэўна, такое».
«Вуліца Леніна, 76, гісторыя роўна такая ж. Смеццевыя бакі заўсёды поўныя гэтак жа, толькі ў нас іх яшчэ больш — дзесяць штук у рад, усе перапоўненыя, і вакол — горы. Двор складаецца з сямі дамоў, а машына прыязджае разы два на тыдзень».
Але ў адным каментары заявілі, што «ў Кулікаве прыбіраюць своечасова».
Таксама жыхары горада звярнулі ўвагу на сітуацыю на мясцовых могілках:
«Могілкі ператварылі ў сметніцу, у звалку — такога ніколі не было! Звярталіся ў ЖКГ і да новага «мэра», але, на жаль, воз і цяпер там».
Як заўважыў адзін з карыстальнікаў, «складаецца ўражанне, што апошнім часам ва ўсіх, асабліва ў малых, гарадах такое адбываецца, гэта такі «Год добраўпарадкавання», ці ЖКГ ад усяго ўстаранілася».