Пара Захаду адказаць
1- 8.09.2025, 9:05
- 4,460
Ключавы момант у сучаснай гісторыі.
Не, гэтым разам у сустрэчы на найвышэйшым узроўні ўдзельнічалі не Франклін Дэлана Рузвельт, Уінстан Чэрчыль і Іосіф Сталін, і справа была не ў Ялце, дзе лідары дзяржаў-пераможцаў дамаўляліся падзяліць паваленую Германію і перакроіць пасляваенны еўрапейскі парадак. У кітайскім Цяньцзіні, на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), сустрэліся Сі Цзіньпін, Уладзімір Пуцін і Нарэндра Модзі, каб абмеркаваць перспектывы новага сусветнага парадку, не падпарадкаванага ЗША, прыводзіць пераклад калонкі журналіста Эндру Роўлі сайт The Moscow Times.
Падзея гістарычнага маштабу! — але, у адрозненне ад ялцінскай сустрэчы, ёй не папярэднічала пагадненне накшталт Брэттан-Вудскага, у якім былі б агавораныя прынцыпы ўладкавання міжнароднай валютнай і эканамічнай сістэмы ў пасляваенным свеце.
Адсутнасць такога пагаднення — момант ключавы. Але гэта павінны асэнсаваць далёка не толькі краіны Азіі, такія як Кітай, Расія і Індыя, але і дзяржавы Захаду.
Лідары могуць праводзіць сустрэчы і рабіць заявы пра палітычныя і стратэгічныя намеры, але рэалізацыя такіх заяў — справа іншага парадку. Стварэнне новых інстытутаў валютнага рэгулявання і эканамічнага развіцця, параўнальных па маштабе з Брэттан-Вудскай сістэмай, гэтак жа як і гандлёвых і тарыфных рэжымаў узроўню Сусветнай гандлёвай арганізацыі, — задача велізарнай важнасці і яшчэ большай складанасці. Але яе пара вырашаць, калі свет не хоча канчаткова раскалоцца на блокі.
Патрэбная новая ініцыятыва з боку заходніх дзяржаў на чале з ЗША — не менш маштабная за дэманстраванае Сі Цзіньпінам і іншымі лідарамі дзяржаўніцкае мысленне ў ШАС і БРІКС, прызваная ўмацаваць і мадэрнізаваць існуючую архітэктуру шматбаковых інстытутаў.
ШАС цалкам здольная ўвасобіць падобную ініцыятыву; у ёй сёння (у розных статусах) 27 краін — ад Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі да Кітая, Індыі, Расіі, Ірана і інш.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыкладае максімум намаганняў (і, здаецца, дарэмна), каб разбурыць дбайна выбудаваную валютную і эканамічную архітэктуру — так жа, як ён свядома згортае шматбаковае супрацоўніцтва ў барацьбе са зменай клімату і спыненні пандэміі праз вакцынацыю. Горш за ўсё тое, што, падаецца, значная частка Еўропы прымае ўдзел у гэтым нігілістычным і разбуральным курсе Трампа.
Галоўная прычына, праз якую вядучыя заходнія дзяржавы не прызнаюць неабходнасці супрацоўнічаць, а не канфліктаваць з ключавымі азіяцкімі дзяржавамі — як прапаноўвалася на саміце ў Цяньцзіні, — заключаецца ў іх прыхаванай раздражнёнасці або нават абурэнні тым, што новыя цэнтры сілы з глабальнага Поўдня апынуліся цяпер на чале пераменаў сусветнага ладу — у якасці прыкладу можна прывесці Кітай і яго дасягненні ў сферы інфраструктуры.
Смею меркаваць, што Амерыка і Еўропа здольныя прызнаць згубнасць сваёй каротказорнай палітыкі і далучыцца да «шанхайскага духу» супрацоўніцтва. Што б гэта азначала для заходняй эканамічнай, гандлёвай, валютнай і фінансавай сістэмы — не кажучы ўжо пра культурную?
Відавочна, што спатрэбілася б новае пагадненне па тарыфах і гандлі або пагадненне ўзроўню СГА, якое замяніла б хаос, што паўстаў у выніку безмаральнай тарыфнай палітыкі Трампа, і праклала б сцежкі ў джунглях двухбаковых і шматбаковых гандлёва-інвестыцыйных пагадненняў, якія ў вялікай колькасці распладзіліся апошнімі гадамі. Але гэтае новае пагадненне павінна быць распрацавана з улікам інтарэсаў і амбіцый глабальнага Поўдня, гэтак жа як і заходніх краін.
Не менш відавочна — хоць гэта пакуль і не стала агульнапрынятым, — што любое значнае абяцанне супрацоўніцтва паміж Усходам і Захадам (ці Поўначчу і Поўднем) павінна суправаджацца правядзеннем канферэнцыі, падобнай да Брэттан-Вудскай. Міжнародная валютная сістэма павінна быць свядома пераасэнсаваная і перабудаваная і не павінна эвалюцыянаваць стыхійна, пад уплывам канкуруючых рэгіянальных ініцыятыў, як гэта адбываецца цяпер.
Эпоха долара яшчэ не завершылася, але яе канец набліжаецца гэтак жа непазбежна, як надыход ночы пасля дня. Глабальнае дамінаванне ЗША слабее па меры натуральнага ўзмацнення краін з эканомікамі, што развіваюцца, перадусім Кітая — як з дэмаграфічнага, так і з эканамічнага пункту гледжання. Супраціўляцца гэтаму трэнду — значыць асудзіць сябе на паразу.
Спробы ператварыць долар у зброю праз банкаўскія санкцыі і кантроль над сістэмамі міжнародных разлікаў прывялі да дэстабілізацыі валютнай сістэмы — вінаватая не толькі адміністрацыя Трампа, але і папярэднія адміністрацыі ЗША. Кітай, Расія і іншыя дзяржавы ўжо праводзяць эксперыменты з выкарыстаннем альтэрнатыўных валют. Але Трамп, актыўна і эгаістычна прасоўваючы крыптавалютныя сістэмы, хутка пагаршае сітуацыю, абцяжарваючы глабальную сістэму новымі рызыкамі.
Міжнародныя патокі капіталу не накіроўваюцца па аптымальнай траекторыі — зберажэнні не ідуць у інвестыцыі там, дзе яны найбольш патрэбныя свету, а замест гэтага перамяшчаюцца па прыхамаці кіраўнікоў актывамі (прынамсі на Захадзе) туды, дзе ім бачыцца кароткатэрміновая выгода і дзе вялікая канкурэнцыя паміж падобнымі фондамі.
Гэтыя сферы патрабуюць свядомага рэфармавання міжнароднай валютнай і фінансавай сістэмы, рынку капіталу. Неабходная, наспела і рэформа шматбаковых інстытутаў, у першую чаргу Міжнароднага валютнага фонду, каб ён і яго сястрынская арганізацыя — Сусветны банк — не ўспрымаліся, скажам, Азіяцкім банкам інфраструктурных інвестыцый (створаным Кітаем) як супернікі, а ўваходзілі разам з ім у адзіную сістэму глабальнага супрацоўніцтва.
Вядома, усё гэта азначае грандыёзныя міжнародныя рэформы і патрабуе ўзгодненых дзеянняў. Калі Захад адмовіцца ад такой павесткі, у якой, дарэчы, не толькі тэмы, узнятыя ў Цяньцзіні, але і не менш важныя пытанні: кліматычныя пагрозы, прафілактыка пандэмій і інфраструктурныя дэфіцыты, — планета Зямля і яе насельнікі будуць знаходзіцца ў небяспецы.