У калоніі памёр палітвязень Андрэй Паднябенны
41- 8.09.2025, 12:16
- 51,908
Ён адбываў пакаранне ў магілёўскай ІК-15.
Памёр 36-гадовы палітвязень Андрэй Паднябенны, асуджаны на 16 гадоў і 8 месяцаў калоніі, пра гэта ў «Фэйсбуку» паведаміла маці Андрэя.
«Радуе адно, што больш ніхто не зможа ні фізічна, ні псіхалагічна здзекавацца з майго сына», — напісала яна.
Як сказана ў паведамленні, Андрэй памёр 3 верасня.
Андрэй Паднябенны адбываў пакаранне ў магілёўскай ІК-15. У 2022 годзе яго асудзілі па шасці крымінальных артыкулах — аб «наўмысным знішчэнні маёмасці» (артыкул 218 КК), «абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады» (артыкулы 368 і 369 КК), «распальванні варожасці» (артыкул 130 КК), стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» (артыкул 361-1 КК), «акце тэрарызму» (артыкул 289 КК) і садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361-4 КК).
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Андрэя — расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў ён жыве ў Беларусі па відзе на жыхарства
Адзначым, колькасць вядомых СМІ выпадкаў смерці палітвязняў — больш за 10.
21 мая 2021 года ў шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак.
5 студзеня 2022 года ў Магілёве скончыў жыццё самагубствам палітвязень Дзмітрый Дудойць.
7 мая 2023 года ў калоніі памёр палітвязень Мікалай Клімовіч.
5 ліпеня 2023 года ў лідскім РАУС раптоўна памёр 37-гадовы мясцовы паэт, удзельнік фестываляў сучаснага мастацтва Дзмітрый Соракін.
11 ліпеня 2023 года ў гродзенскай турме ад прабадной язвы памёр мастак Алесь Пушкін.
13 студзеня 2024 года ў віцебскай калоніі №3 ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько.
20 лютага 2024 года стала вядома пра смерць у турме актывіста апазіцыі Ігара Ледніка, які меў групу інваліднасці з-за праблем з сэрцам.
10 красавіка 2024 года ў брэсцкім СІЗА памёр абвінавачаны ў абразе Лукашэнкі падпалкоўнік ПДВ Аляксандр Кулініч.
1 лістапада 2024 года памёр 22-гадовы Дзмітрый Шлетгауэр — грамадзянін Расіі.