7 снежня 2025, Нядзеля, 6:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя магла б пайсці інакш

3
Гісторыя магла б пайсці інакш

Чаму ЗСУ ў верасні 2022-га не атакавалі Мелітопаль.

Сёння ўзгадваюць Балаклейска-Куп’янскую (яе ж Харкаўскую або Слабажанскую) наступальную аперацыю Сіл абароны Украіны, якая пачалася 3 гады таму

Гэта аперацыя стала ледзь не адзіным прыкладам класічнай манеўровай вайны паводле канонаў Другой сусветнай вайны з 24.02.2022 — калі спачатку хутка прарываецца тактычная глыбіня абароны, а затым уводзяцца сілы для развіцця прарыву. Іх мэта — хуткімі манеўранымі дзеяннямі знішчыць сістэму кіравання і забеспячэння праціўніка, лакалізуючы вузлы супраціву ворага для далейшага знішчэння.

Паспяховая наступальная аперацыя стала магчымай дзякуючы ўвядзенню праціўніка ў зман адносна напрамку ўдару і востраму дэфіцыту пяхоты ў праціўніка. На больш чым 1,1 тысячы км працягласці фронту тады праціўнік меў да 100 тысяч чалавек баявога складу, прычым значная частка найбольш баяздольных частак знаходзілася на правым беразе Дняпра на Херсоншчыне.

Але на фоне поспехаў Сіл абароны Украіны на Харкаўшчыне 3 гады таму ключавым пытаннем, якое будуць абмяркоўваць гісторыкі будучыні, будзе тое — ці магла б гісторыя пайсці інакш, калі б Украіне тады таксама ўдалося паспяхова атакаваць на мацерыковым поўдні ў напрамку Такмак-Мелітопаль.

Калі ў пачатку ліпеня 2022 года стала відавочна, што варожае наступленне на ўсходзе Украіны дасягнула кульмінацыйнай кропкі, а Крэмль адмаўляўся праводзіць адкрытую маштабную мабілізацыю, Украіна і краіны фармату «Рамштайн» пачалі прапрацоўваць розныя варыянты ўкраінскіх наступальных дзеянняў.

Заходнія партнёры былі прыхільнікамі ўдару на Правабярэжнай Херсоншчыне. Ключавымі фактарамі, што павінны былі спрыяць поспеху, мусілі стаць геаграфія (Дняпро як вялікая водная перашкода і невялікая колькасць мастоў праз яго) плюс з’яўленне РСЗА M142 HIMARS з магчымасцю працаваць па мастах праз Дняпро. Фактычна, гаворка ішла не пра класічную наступальную аперацыю з хуткім прарывам абароны, а пра выцісканне групоўкі РФ за кошт знішчэння лагістыкі. Уласна, так у рэшце рэшт і адбылося 11 лістапада 2022 года.

Адвакатам наступлення на Харкаўшчыне і затым галоўным архітэктарам аперацыі быў тадышні камандуючы ОСУВ «Хортыця» і камандуючы Сухапутнымі войскамі генерал Аляксандр Сырскі. Поспеху на Харкаўшчыне спрыяла медыйная кампанія Украіны, якая называла Херсоншчыну асноўным напрамкам удару і прымусіла РФ перакінуць найбольш баяздольныя часткі туды.

Староннікам удару ў напрамку Такмак-Мелітопаль быў тады галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны. Гледзячы на карту летам 2022 года, было відавочна, што менавіта Мелітопаль з’яўляецца ключом да мацерыковага поўдня Украіны. І хуткі прарыў да Мелітопаля тады зняў бы неабходнасць дзейнічаць з правага берага Дняпра на Херсоншчыне. Стварэнне эшаланаванай абароны з перашкодамі на тым напрамку праціўнік пачаў толькі ў кастрычніку 2022 года.

Але партнёрам тады ўдар па Мелітопалі здаваўся вельмі рызыкоўным і непадрыхтаваным. Нашы партнёры баяліся, што вынікам непадрыхтаванага ўдару па Мелітопалі стане стварэнне рызыкі для Запарожжа або нават Дняпра. Як вядома, рашэнне аб перадачы Украіне ўзбраення для стварэння сухапутнай наступальнай групоўкі на заходняй зброі прынялі толькі ў студзені 2023 года.

Украіна, на жаль, тады не мела дастаткова цяжкай зброі для адначасовых маштабных дзеянняў і на Харкаўшчыне, і на мацерыковым паўдні, як прапаноўвалі два ключавыя генералы — Сырскі і Залужны. Украіне тады, як вядома, дапамагалі, зыходзячы з канцэпцыі «прадухіліць перамогу РФ і паразу Украіны». ЗША пры адміністрацыі Байдэна і іх партнёры баяліся празмерных поспехаў Украіны, якія маглі прывесці да неканвенцыйнай эскалацыі з боку РФ. Гэта накладала абмежаванні на пастаўкі ўзбраення. Уявіце хуткі прарыў Украіны да Мелітопаля з наступным выхадам у акупаваны Крым напрыканцы лета і на пачатку восені 2022 года.

У выніку мы атрымалі выцісканне сіл РФ на Правабярэжнай Херсоншчыне і манеўровую наступальную аперацыю на Харкаўшчыне. Ідэю Таўрыйскай наступальнай аперацыі адклалі да наступнага года. А тады абставіны змяніліся не на карысць Сіл абароны Украіны.

Мікалай Белескаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках