У Расіі пры загадкавых абставінах загінуў топ-менеджар
24- 8.09.2025, 17:57
- 20,596
19-ы ад пачатку вайны.
У панядзелак пад Калінінградам знайшлі мёртвым гендырэктара кампаніі па здабычы калійна-магніевых соляў «К-Поташ Сервис» Аляксея С., паведамляе са спасылкай на крыніцы Shot. Цела «знайшлі без галавы», расказаў «РИА Новости» крыніца ў праваахоўных органах.
Паводле слоў суразмоўцы агенцтва, абязгалоўлены труп ляжаў пад мостам, на ім быў замацаваны буксіровачны трос.
Як адзначае The Moscow Times, загінулы ўзначаліў «К-Поташ Сервис» у кастрычніку 2022 года. Кампанія займалася праектам калійнага рудніка ў пасёлку Нівенскае Калінінградскай вобласці. Руднік мусіў запрацаваць у 2021 годзе, але яго запуск адкладалі з-за пратэстаў мясцовых жыхароў.
Загінулы стаў як мінімум 19-м топ-менеджарам, які памёр у Расіі пры загадкавых абставінах за апошнія тры з паловай гады. У жніўні стала вядома пра смерць Дзмітрыя Асіпава, старшыні савета дырэктараў «Уралкалія», і Міхаіла Кеніна, заснавальніка і галоўнага акцыянера ГК «Самалёт» — найбуйнейшага ў Расіі забудоўшчыка. Прычыны іх смерці засталіся невядомымі.
У студзені 2022 года ў элітным пасёлку ў Ленінградскай вобласці знайшлі мёртвым 60-гадовага кіраўніка транспартнай службы «Газпрам Інвест» Леаніда Шульмана. Яшчэ праз месяц у маскоўскай кватэры знайшлі целы Уладзіслава Аваева, былога віцэ-прэзідэнта Газпрамбанка, а таксама ягонай жонкі і дачкі.
У ліпені 2022 года ў элітным катэджным пасёлку «Марскія тэрасы» каля Фінскага заліва знайшлі цела 61-гадовага Юрыя Варонава — гендырэктара транспартнай кампаніі «Астра Шиппинг», якая, між іншым, працавала на арктычных падрадах «Газпрама». Ён загінуў ад стрэлу ў галаву.
Восенню 2022 года з акна Цэнтральнай клінічнай бальніцы Кіраўніцтва справамі прэзідэнта ў Маскве выпаў 67-гадовы старшыня савета дырэктараў «Лукойла» Равіль Маганаў. Той, хто прыйшоў на яго месца, 66-гадовы Уладзімір Некрасаў, памёр праз год з-за «вострай сардэчнай недастатковасці». У сакавіку 2024-га на 54-м годзе жыцця памёр віцэ-прэзідэнт «Лукойла» Віталь Робертус. Прычыны і абставіны смерці топ-менеджара ў кампаніі не раскрылі.
У лютым 2023 года ў падмаскоўным доме на Рублёва-Успенскім шашы быў знойдзены мёртвым Вячаслаў Роўнейка — суўладальнік бельгійскай нафтагандлёвай кампаніі Nafta (B) N.V. і гендырэктар Міжрэгіянальнага паліўнага саюза.
У кастрычніку 2024 года ў Маскве з акна сваёй кватэры выпаў экс-намеснік дырэктара «Норнікеля» Міхаіл Рагачоў. У ліпені 2025 года з 17-га паверха дома на Рублёўскім шашы выпаў віцэ-прэзідэнт «Транснафты» Андрэй Бадалаў.
Таксама застрэленага на віле ў Іспаніі знайшлі Сяргея Протасеню, былога топ-менеджара «Новатэка»; мёртвым у гаражы дома пад Пецярбургам знайшлі Аляксандра Цюлякова, топ-менеджара фінансавага падраздзялення «Газпрама».
Павел Пчэльнікаў, дырэктар па камунікацыях «Лічбавай лагістыкі» (РЖД), быў знойдзены з прыкметамі суіцыду на балконе кватэры ў Маскве. Заснавальнік «Уладзімірскага стандарту» Павел Антаў выпаў з акна гатэля ў Індыі. Дырэктар карпарацыі развіцця Далёкага Усходу і Арктыкі Іван Пячорын выпаў з катэра падчас прагулкі каля вострава Рускі.
З акна пасля вечарынкі выпала віцэ-прэзідэнт «Локо-Банка» Крысціна Байкова. Першага намесніка кіраўніка «Якутскэнерга» Ігара Шкурко знайшлі мёртвым у СІЗА Якуцка.