Мядзведзеў заявіў, што Фінляндыя рыхтуецца да нападу на Расію
30- 8.09.2025, 18:27
- 10,854
Намеснік старшыні Савета бяспекі РФ напісаў дзіўную калонку.
Фінляндыя пасля ўступлення ў НАТА пад выглядам умацавання абароны рыхтуе «плацдарм» для нападу на Расію, заявіў намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў. «Хельсінкі праводзіць канфрантацыйны курс на падрыхтоўку да вайны з Расіяй, падаецца, рыхтуючы плацдарм для нападу на нас», — напісаў ён у калонцы для ТАСС. Паводле слоў Мядзведзева, Паўночнаатлантычны альянс «цалкам уцягнуты ў гэтыя справы і цяпер інтэнсіўна асвойвае ўсе пяць аперацыйных асяроддзяў Суомі (назва Фінляндыі па-фінску. — Заўв.): сушу, мора, паветра, космас і кіберпрастору».
У прыватнасці, непасрэдна паблізу ад мяжы з Расіяй ідзе «стваранне штабной структуры перадавых сухапутных сіл альянсу», колькасць якіх можа быць павялічана да паўнавартаснай брыгады — 5 тыс. чалавек, адзначыў Мядзведзеў. Ён таксама ўзгадаў пра разгортванне штаба рэгіянальнага камандавання сухапутных войскаў НАТА ў горадзе Міккелі і з’яўленне новага гарнізона ў населеным пункце Івало, які размешчаны за 40 км ад расійскай тэрыторыі. Мядзведзеў абвінаваціў прэзідэнта Фінляндыі Аляксандра Стуба у падштурхоўванні краіны да вайсковага канфлікту, дадаўшы, што «жаданне пажывіцца за кошт Расіі ўкладвалі ў фінскую свядомасць яшчэ пры Гітлеры».
Пры гэтым намеснік старшыні Савета бяспекі пагразіў Хельсінкі, што «чарговая агрэсія супраць Расіі» прывядзе «да краху фінскай дзяржаўнасці ўжо назаўсёды». «Цырымоніцца, як у 1944 годзе, з імі ўжо ніхто не будзе. Чытаць ім таксама добрыя казкі пра мумі-троляў. Як кажуць, sitä saa, mitä tilaa — што замаўляеш, тое і атрымліваеш», — падсумаваў Мядзведзеў.
Да гэтага падчас працоўнай паездкі ў Ленінградскую вобласць намеснік старшыні Савета бяспекі паведаміў, што Уладзімір Пуцін даў даручэнне ўмацаваць мяжу з Фінляндыяй. На пасяджэнні з мясцовымі чыноўнікамі Мядзведзеў анансаваў будаўніцтва ўмацавальных збудаванняў у прыгранічных раёнах. «Мы не можам ігнараваць той факт, што Фінляндыя цяпер з’яўляецца ўдзельніцай Паўночнаатлантычнага альянсу. А гэта абумоўлівае змяненне нашых вайсковых падыходаў да ўладкавання мяжы і да адбіцця магчымых недружалюбных дзеянняў», — патлумачыў намеснік старшыні Савета бяспекі.
Фінляндыя ўступіла ў НАТА вясной 2023 года, адмовіўшыся ад дзесяцігоддзяў ваеннага нейтралітэту пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. За ёй рушыла Швецыя, якая завяршыла працэс далучэння вясной 2024 года. Гэта ўдвая павялічыла працягласць мяжы НАТА з Расіяй — больш як на 1300 кіламетраў.
Уладзімір Пуцін першапачаткова тлумачыў напад на Украіну неабходнасцю не дапусціць пашырэння НАТА, аднак пасля падачы заявак Фінляндыяй і Швецыяй заявіў, што іх уступленне ў альянс Масква «не разглядае як сур’ёзную пагрозу». «Хочацца ім — калі ласка», — казаў ён.