7 снежня 2025, Нядзеля, 14:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парламент Францыі адправіў урад у адстаўку

Парламент Францыі адправіў урад у адстаўку

Кабінет Байру пратрымаўся менш за год, не паспеўшы ўзгадніць бюджэт.

8 верасня Нацыянальная асамблея Францыі (ніжняя палата парламента) выказала вотум недаверу ўраду Франсуа Байру. За адстаўку ўрада прагаласавалі 364 дэпутаты, перадае Le Monde. Для вотума недаверу патрабавалася падтрымка не менш як 288 з 577 парламентароў.

Ініцыятарам гэтай працэдуры выступіў сам прэм’ер з мэтай заручыцца падтрымкай на фоне зацяжнога крызісу, выкліканага разыходжаннямі па праекце бюджэту на 2026 год. У ўмовах росту дзяржаўнага доўгу кабінет Байру прапанаваў у 2026 годзе замарозіць як падатковыя стаўкі, так і сацыяльныя выплаты і пенсіі на цяперашнім узроўні. Незгоду з гэтым планам выказалі як блок партый левага альянсу «Новы нацыянальны фронт» (NFP), так і ультраправыя з партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» (RN).

Напярэдадні галасавання Байру правёў кансультацыі з усімі палітычнымі сіламі краіны, аднак так і не здолеў заручыцца падтрымкай ні партый з левага блока NFP, ні ультраправых з RN. Такім чынам Байру паўтарыў лёс свайго папярэдніка на пасадзе прэм’ера Мішэля Барнье, які таксама прапаноўваў істотна скараціць выдаткі пры ўзгадненні бюджэту на 2025 год. Тады ішлося пра іх скарачэнне на €40 млрд, а таксама пра павышэнне падаткаў для буйных карпарацый і заможных французаў, што мусіла прынесці ў казну яшчэ €20 млрд. Гэта ініцыятыва ў выніку прывяла да адстаўкі ўрада: у снежні NFP ініцыяваў вотум недаверу ўраду, які падтрымалі дэпутаты ад RN.

«Вы валодаеце ўладай зрынуць урад, але не маеце ўлады адвярнуцца ад рэчаіснасці. Выдаткі будуць і далей расці, а цяжар доўгу, ужо невыносны, стане яшчэ цяжэйшым і даражэйшым!» — заявіў Байру, звяртаючыся да апазіцыі падчас свайго выступлення 8 верасня.

Кіраўнік фракцыі сацыялістаў у Нацыянальнай асамблеі Барыс Валло адзначыў, што цяпер урад павінны ўзначаліць левыя. «Чарга за левымі», — заявіў палітык. Лідарка фракцыі RN Марын Ле Пен таксама выказала гатоўнасць ультраправых узяць уладу ў свае рукі, адзначыўшы, што роспуск парламента — «гэта не капрыз, а неабходнасць».

Пасля таго як кабінет Байру страціў падтрымку парламента, ён будзе вымушаны пайсці ў адстаўку. Далейшае развіццё падзей вызначыць Макрон: ён можа як прызначыць новага кіраўніка ўрада, так і зноў абвясціць датэрміновыя выбары ў краіне. Пры гэтым прадстаўнікі левых сіл ужо заявілі, што гэтым разам не будуць уступаць у здзелку з прамакронаўскімі сіламі, як гэта было падчас другога тура ў 2024 годзе. Каб адцягнуць галасы ў ультраправой RN, яны абралі тактыку так званага рэспубліканскага фронту — яна прадугледжвала адмову NFP выстаўляць свайго кандыдата ў тых акругах, дзе больш шанцаў у кандыдата ад прэзідэнцкага альянсу, і наадварот.

Згодна з актуальным апытаннем, апублікаваным Le Figaro, рэйтынг Макрона апусціўся да найніжэйшага з 2017 года паказчыка — 15%. Байру давяраюць 14% французаў, у той час як лідар ультраправой RN Жордан Бардэла, які ўзначальваў рэйтынг з больш чым 30% падтрымкі, істотна прыбавіў за апошні месяц.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках