Чэхія раскрыла шпіёнскую сетку КДБ Беларусі ў Еўропе
19- 8.09.2025, 20:41
- 22,594
Беларускі дыпламат абвешчаны персонай нон грата.
Служба бяспекі Чэхіі (BIS) паведаміла, што сумесна з разведкамі Румыніі і Венгрыі паспяхова «раскрыла і разбіла» беларускую шпіёнскую сетку, якая дзейнічала ў Еўропе. У сувязі з гэтым Міністэрства замежных спраў абвясціла персонай нон грата беларускага «разведчыка, які працаваў у краіне пад прыкрыццём дыпламата».
Diplomacy defends us. We declared a Belarusian diplomat working for the intelligence services persona non grata. We will not tolerate the abuse of diplomatic cover for espionage. pic.twitter.com/XmDpPVVHXJ
— Czech Ministry of Foreign Affairs (@CzechMFA) September 8, 2025
Як сцвярджаюць у BIS, шпіёнскую сетку ў Еўропе арганізаваў КДБ Беларусі з мэтай атрымання агентурных крыніц і сакрэтнай інфармацыі. Аднак яе дзейнасць прыцягнула ўвагу еўрапейскіх разведак.
Паведамляецца, што міжнародная аперацыя дазволіла выявіць агентаў і супрацоўнікаў КДБ, якія дзейнічалі ў некалькіх краінах Еўропы. Сярод выкрытых быў, напрыклад, былы намеснік кіраўніка малдаўскай разведкі, які нібыта перадаваў беларускім спецслужбам сакрэтныя звесткі. Сетку ўдалося выбудаваць галоўным чынам дзякуючы свабоднаму перамяшчэнню агентаў па Еўропе.
Rozbili jsme běloruskou zpravodajskou síť v Evropě!
Bezpečnostní informační služba společně se zpravodajskými službami Rumunska a Mad'arska úspěšně zasáhly a rozbily běloruskou zpravodajskou síť budovanou v Evropē. V souvislosti s touto mezinárodní operací rozhodlo @mzvcr o… pic.twitter.com/XFvUii3VVf
— BIS (@biscz) September 8, 2025
Кіраўнік BIS Міхал Кудэлка заявіў, што для «эфектыўнай барацьбы з падобнай дзейнасцю» трэба абмежаваць перамяшчэнне акрэдытаваных дыпламатаў з Беларусі і Расіі ў краінах Шэнгенскай зоны, паколькі разведкі гэтых краін выкарыстоўваюць дыпламатычнае прыкрыццё для шпіёнскай працы і плануюць пашыраць сваю прысутнасць у Еўропе.
Тым часам МЗС Чэхіі паведаміў, што абвясціў «беларускага дыпламата, які працуе на спецслужбы», персонай нон грата.
«Мы не стэрпім выкарыстання дыпламатычнага прыкрыцця ў шпіянажы», — гаворыцца ў паведамленні.
Там не назвалі імя дыпламата, які падлягае высылцы.
Як паведамілі ў Дырэктараце па расследаванні арганізаванай злачыннасці і тэрарызму Румыніі (DIICOT), затрыманы экс-намеснік кіраўніка разведкі Малдовы з 2024 года перадаваў прадстаўнікам КДБ сакрэтныя звесткі, якія маглі пагражаць нацыянальнай бяспецы Румыніі.
За гэты перыяд ён двойчы сустракаўся з беларускімі агентамі ў Будапешце. Ёсць падставы лічыць, што сустрэчы ўключалі перадачу інструкцый і аплату паслуг, паведамілі ў дырэктараце.