Якое надвор'е чакае беларусаў да канца тыдня
- 9.09.2025, 14:45
- 2,834
Прагноз на 10–12 верасня.
10 верасня надвор'е ў Беларусі будзе вызначаць цёплая неўстойлівая паветраная маса. Воблачна з праясненнямі. Месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман.
Вецер паўднёва-ўсходні умераны, удзень парывісты, на захадзе ў асобных раёнах моцны парывісты. Мінімальная тэмпература паветра ўначы +10..+16°С, максімальная ўдзень +22..+28°С. Атмасферны ціск істотна не зменіцца.
11 верасня пагодныя ўмовы ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, раніцай і ўдзень на захад краіны чакаецца перамяшчэнне атмасфернага фронту з Карпат. Пераменная воблачнасць.
Пераважна без ападкаў, толькі раніцай і ўдзень па захадзе рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі чакаюцца моцныя дажджы і навальніцы. Вецер паўднёва-ўсходні, паўднёвы парывісты, удзень у многіх раёнах моцны парывісты. Мінімальная тэмпература паветра ўначы +8..+15°С, на захадзе Беларусі да +17°С, максімальная ўдзень +19..+26°С.
12 верасня ўплыў франтальнай зоны распаўсюдзіцца на большую частку тэрыторыі краіны. Воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць дажджы, месцамі з навальніцамі. Уначы ў асобных раёнах чакаюцца моцныя дажджы. Вецер паўднёвай чвэрці парывісты, уначы месцамі моцны парывісты. Мінімальная тэмпература паветра ўначы +9..+16°С, максімальная ўдзень +15..+22°С, месцамі да +26°С.