Вільнюскі вакзал стане ружовым: пасажыраў пачастуюць бясплатным халадніком
- 24.05.2026, 13:45
У сталіцы Літвы пачынаецца тыдзень Vilnius Pink Soup Fest.
З 25 да 31 мая Вільнюскі чыгуначны вакзал ператворыцца ў адну з галоўных пляцовак Vilnius Pink Soup Fest.
У межах «ружовага тыдня» вакзал упрыгожаць у тэматычным стылі, а жыхароў горада, турыстаў і пасажыраў цягнікоў чакаюць бясплатныя пачастункі, канцэрты, экскурсіі і забавы, паведамляе delfi.lt.
Да ініцыятывы далучыліся LTG Group і Чыгуначны музей Літвы, якія разам з арганізатарамі фестывалю і Caritas падрыхтавалі насычаную праграму. Адным з галоўных мерапрыемстваў стане ружовы абедзенны перапынак «Pink Break», які адбудзецца 29 мая а 12:00 на першай платформе вакзала. Гасцей чакаюць музыка, летняя атмасфера і бясплатны халаднік.
Паводле слоў прадстаўнікоў LTG, сёння вакзал — гэта ўжо не толькі транспартны вузел, але і адкрытая грамадская прастора для сустрэч, мерапрыемстваў і гарадскіх ініцыятыў. У 2025 годзе фестываль Vilnius Pink Soup Fest наведалі 93 000 чалавек.





